Святлана Чэркас з МТК «Судкова» доіць 24 літры на карову

Сельское хозяйство

Чалавек працы заўсёды павінен быць у цэнтры ўвагі. Менавіта на гэтых людзях трымаецца наша зямля, а на стале ёсць свежае малако і духмяны хлеб. Няпростая работа ў аператара машыннага даення малочна-таварнага комплекса «Судкова» Святланы Чэркас.

У ліку лепшых

На злёце перадавікоў у 2024 годзе гераіня заняла другое месца ў раённым спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі сярод работнікаў, занятых у сельскагаспадарчай вытворчасці. Хайнічанка лічыць, што каб працаваць на ферме, трэба любіць жывёл, а гэта не кожнаму дадзена. Каровы адчуваюць, калі ты да іх з дабром і ласкай. А без гэтага нічога не атрымаецца, – упэўнена Святлана. Галоўныя яе якасці – аптымізм, дабрыня і працавітасць. Яна з’яўляецца адной з вопытных даярак, якая заўсёды перажывае за сваё роднае сельгаспрадпрыемства.

Ёсць і «Лыскі», і «Прыгажуні»

За 10 гадоў жанчына да аўтаматызму давяла ўвесь працэс дойкі: ад падрыхтоўкі даільнага апарата да яго адлучэння і прамывання. Кожнай буронцы патрэбны і водныя працэдуры – вымя павінна быць чыстым. Праз яе працавітыя рукі праходзіць больш за 200 кароў (653 галоў на трох работніц). І кожную трэба падаіць і абавязкова пагладзіць. Прычым, тут падапечных клічуць з цеплынёй: то Прыгажуняй, то Малой, то Лыскай. Яны ведаюць свае мянушкі і пазнаюць сваю гаспадыню. Судкоўскія каровы пазітыўна рэагуюць на пагладжванні і добрыя словы. Любяць, калі з імі Святлана Чэркас размаўляе. Праўда, ёсць і наравістыя, якія так і імкнуцца бадзянуць – характар паказваюць. Жывёлавод выконвае ўсе тэхналагічныя патрабаванні, каб не нашкодзіць сваім буронкам і атрымаць ад іх вялікія надоі малака. З адной каровы за суткі ў сярэднім выходзіць 24 літры малака. Дарэчы, пад’ём у 4 гадзіны раніцы стаў цалкам звыклай справай для зямлячкі. А мычанне кароў, якія ветліва сустракаюць сваю даярачку, – самымі прыемнымі гукамі.

Да кароў – з увагай

«Быць даяркай вельмі складана. Асабліва, калі толькі пачынаеш свой працоўны шлях. Раней я працавала прыбіральшчыцай на заводзе гідраапаратуры, затым швачкай у «СПЕЦСлавіі», а потым даяркай на МТФ «Забалацце» ААТ «Веляцін Агра». Але б у якім калектыве чалавек не знаходзіўся, галоўнае, каб працаваць хацелася. Тады і справа пойдзе, а кароўкі аддзячаць добрым малаком. Канешне, у такой прафесіі ёсць розныя непрыемныя моманты. Напрыклад, калі заходжу ў магазін адразу пасля фермы, то пакупнікі бывае скоса глядзяць – зразумела, што «водар» пасля кароў на адзенні доўга трымаецца. Шкада, што гэтага некаторыя людзі не разумеюць. Але я ўжо прывыкла», – прызнаецца гераіня.

Сям’я падтрымлівае

Вольны час Святлана прысвячае сям’і. З мужам выхоўваюць чацвярых дзяцей. Дзяніс закончыў Рэчыцкі аграрны каледж, паступіў у Віцебскую акадэмію. Працуе ветэрынарам на комплексе ў Пудакове. Аляксей вучыцца на трактарыста-зваршчыка ў Хойніцкім каледжы. Ягор яшчэ школьнік, Іван ходзіць у дзіцячы сад.

Калі ёсць вольная хвілінка, гераіня вяжа шкарпэткі і гатуе прысмакі для родных.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *