Галасамі нашчадкаў: ураджэнка Хойнікшчыны Соф’я Кузьменка з малых гадоў пазнала горыч страты і жорсткасць фашыстаў

На пути к Победе

Пакуль жывы хаця б адзін сведка Вялікай Айчыннай вайны, пакуль у сэрцы яшчэ ёсць той невыразны боль ад успамінаў, варта дзяліцца імі з маладымі пакаленнямі.

У гэтым упэўнены мы, работнікі Хойніцкага дзяржаўнага каледжа. Таму ў рознай форме разам з калегамі імкнемся знаёміць нашых навучэнцаў з фактамі самай жорсткай вайны ХХ стагоддзя. Адна з іх – сустрэчы з дзецьмі ваеннага часу, якія разам з бацькамі былі вязнямі нямецкіх бауэраў.

Штогод напярэдадні значных свят рушым з дзецьмі ў аграгарадок Вялікі Бор, дзе жыве 91-гадовая ўраджэнка Соф’я Кузьменка. Сціплая сельская жанчына з малых гадоў спазнала горыч страты і жорсткасць фашыстаў. Гэтымі ўспамінамі яна падзялілася з нашчадкамі.

«Вялікая Айчынная вайна пачалася ў чэрвені 1941 года, а ў жніўні фашысты акупіравалі маю родную вёску, – расказвае Соф’я Фёдараўна. – І сёння не забуду, як моцна матуля абдымала нас, дзетак, каб не баяліся тэхнікі акупантаў».

У пачатку вайны многіх вывезлі ў Германію. У адным з таварных вагонаў была і сям’я Соф’і Фёдараўны.

«Мае бацькі сталі сапраўднымі рабамі ў нямецкага фермера. Са світання да ночы яны цяжка рабілі на палях, замест заробку выдавалі мізэрнае харчаванне. Толькі пасля вызвалення мы даведаліся, што у той час мой старшы брат загінуў на фронце, а сярэдні – ўвогуле ў канцынтрацыйным лагеры».

Страшны лёс спасціг Вялікі Бор. У 1943 годзе нацысты спалілі вёску. У полымі апынуліся 262 двары, сваё жыццё у той дзень страцілі 265 вялікаборцаў.

У 1945 годзе астарбайтараў, як тады называлі прыгонных у Германію палонных, вызвалілі і адправілі дадому. Цяжка ўявіць, якія эмоцыі атрымала сям’я Кузьменкаў, калі ўпершыню за доўгі час пабачылі родныя мясціны – ні сваёй хаты, ні знаёмых вуліц не было, аднае папялішча. Жыць да сябе родных паклікала родная Соніна цётка. Каб пракарміцца, нават 11-гадовая дзяўчынка пайшла працваць у калгас. А тата, не вытрымаўшы голаду, пайшоў з жыцця.

Нават сёння, праз 80 гадоў, Соф’я Фёдараўна не можа спакойна расказваць пра гэта, слёзы набягаюць с першых успамінаў. Але яна мужна працягвае, каб сённяшнія падлеткі зразумелі, якую цану аддалі старэйшыя за мір на нашай зямлі і аднаўленне зямель.

«Дзеткі, няхай вы ніколі не спазнаеце таго, што мне давялося, – заўжды дае наказ паважаная даўгажыхарка. – Жывіце і радуйцеся чыстаму небу, вучыцеся і выбірайце сабе прафесію па здольнасцях. На жаль, мне так і не пашчасціла выбіраць – усё жыццё цяжка працавала ў калгасе, такі лёс у мяне».

Толькі падумайце: яшчэ зусім юнай гэтай адважнай дзяўчыне прыйшлося разам з матуляй, сёстрамі і параненым на фроне малодшым братам будаваць свой новы дом, зарабляць на харчаванне, а не на модныя ўборы і пажаданні. Нягледзячы на гэта пакаленне ўстала на ногі, вырасціла сваіх дзяцей і дапамагло выхаваць унукаў.

Сёння Соф’я Фёдараўна не застаецца ў адзіноце. Побач з ёй дзеці, унукі і нават праўнукі. Гэта і называе шаноўная жанчына сапраўдным шчасцем.

Кожны раз на развітанне яна жадае юным гасцям самага лепшага, а навучэнцы дораць кветкі і паштоўкі на памяць. Мы жадаем гэтай смелай жанчыне, якая прайшла выпрабаванне вайной і цяжкай працай, як мага дольш заставацца з намі, перадаваць свой вопыт і, вядома, радавацца міру на нашай зямлі.

А. Звягіна, М. Скакун, выкладчыкі Хойніцкага дзяржаўнага каледжа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *