Навіны, якія выбрала прадстаўніца Маладзёжнага парламенту Валерыя Назаранка.
1. На тэрыторыі мемарыяльнага комплекса «Трасцянец» з’явіцца інфармацыйны цэнтр. Па цяперашніх даных гэта чацвёрты па колькасці ахвяр канцлагер у свеце і самы буйны на тэрыторыі СССР. На працягу дзесяці гадоў вядзецца работа па ўзнаўленню імёнаў тых ахвяр. Гэта няпростая справа, таму што за некалькі дзён перад вызваленнем Мінска нацысты знішчылі ўсе дакументы. Дзякуючы намаганням энтузіястаў і гісторыкаў сабрана каля 1 тысячы прозвішчаў. У інфармацыйным цэнтры запланавана выставачная экспазіцыя. Стваральнікі хочуць з дапамогай сучасных тэхналогій паказаць, што адбывалася ў канцлагеры.
2. Калекцыю вырабаў у гонар юбілея Вялікай Перамогі выпусціў Добрушскі фарфоравы завод. Там стварылі шырокі асартымент прадукцыі з малюнкамі, якія ўвасабляюць подзвіг савецкага народа. Акцэнт на памятныя мясціны, у тым ліку манумент Перамогі, Брэсцкую крэпасць. Самымі папулярнымі сталі кружкі. Прапануюцца таксама дэкаратыўныя талеркі. Вырабы пачалі прадавацца ў фірменных магазінах і даступны да замовы на інтэрнэт-пляцоўках.
3. У Беларусі пашырылі магчымасці працаўладкавання падлеткаў ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў. Цяпер юнакі і дзяўчаты могуць работаць у пунктах пракату, займацца офіснай справай: наборам тэкстаў, стварэннем прэзентацый, табліц і простых сайтаў. Дапускаецца работа з таварамі: узважанне, упакоўка, кантроль тэрмінаў прыдатнасці. Сярод варыянтаў занятасці таксама дапамога ў швачнай справе, дастаўцы ежы на дом, прыём званкоў. Падлеткі могуць дапамагаць, як і раней, у сельскай гаспадарцы і азеляненні. Галоўнае, каб гэта была праца без шкоды для здароўя.
Запісала Алеся ЯЧЫЧЭНКА.