Перад салютам – торт. Даведаліся, у каго з хайнічан імяніны 9 мая

Наши проекты

Для іх 9 мая – асаблівае, двайное свята. Пра гэта прызналіся журналісту жыхары Хойнікшчыны, якія ў гэты знамянальны дзень з’явіліся на свет.

Уладзімір Мароз

І вось нашы героі. 61 год будзе хутка святкаваць Уладзімір Мароз. Да пенсіі мужчына працаваў у дзяжурнай часці міліцыі. Усміхаючыся адзначыў, што калі імяніны супадалі са службай, то кіраўніцтва адпускала дадому – так бы мовіць, падарунак. Але ж усё-такі для хайнічаніна 9 мая ў першую чаргу – Дзень Перамогі, самае галоўнае свята ў календары.

Павел Мятліцкі

Ляснічы Казялужскага лясніцтва Павел Мятліцкі праводзіць день нараджэння заўсёды ў коле родных, за смачным святочным сталом. З Вялікай Айчыннай вайной звязана і гісторыя яго сям’і – прадзед дайшоў да Берліна.

Вікторыя Ярмоленка

За тое, што нарадзілася ў такі вялікі дзень, дзякуй бацькам і лёсу. Так кажа Вікторыя Ярмоленка, інспектар па кадрах ДЭУ-45. Кожны год зямлячка ўдзельнічае ў святочных мерапрыемствах, якія праходзяць у Хойніках. З задавальненнем слухае песні ў выкананні нашых творчых аб’яднанняў у гарадскім парку.

Юлія Барысенка

Самае доўгачаканае і радаснае свята. Канешне, пра ўзрост у жанчын не прынята пытаць, аднак Юліі Барысенка – маці ў дэкрэце – няма чаго прыхоўваць. 38! Аднак насамрэч у гэты дзень віншванняў з 9 мая ўдвая больш, чым з імянінамі.

Вікторыя Кладкевіч

І завуць яе Вікторыя – у гонар свята. 2 гады споўніцца Вікторыі Кладкевіч. Бацькі маленькай гераіні ўпэўнены: нашчадкі павінны ведаць, якой цаной дасталася Перамога. І мы павінны шанаваць тое, што зрабілі для нас продкі.

Ігар Сенгаеў

«Гэта дзень нашага гонару за краіну, за наш народ. З падзякай успамінаю ветэранаў вайны, якіх, на жаль, ужо няма ў жывых..», – прызнаецца індывідуальны прадпрымальнік Ігар Сенгаеў, які 9 мая адзначыць юбілей.

Дзмітрый Шлег

«Дзякуй за мірнае неба над галавой і за тое, што нарадзіўся 9 мая», – загадчык мехмайстэрнямі КСУП «Эксбаза «Стралічава» Дзмітрый Шлег ганарыцца, што жыве ў сінявокай Беларусі.

Тэкст і фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *