– У цюльпанавую казку – сялянска-фермерскую гаспадарку «Знаходка Палесся» была арганізавана экскурсія турыстычнай кампаніяй. Куды трапіла і я. Гэта сапраўдная цюльпанавая сталіца, і самая найбуйнешая ў Беларусі! Мільёны цюльпанаў на 20 гектарах, розных гатункаў і колераў. З Хойнік ехаць туды доўга, аднак варта!
Галоўны плюс: нафатаграфавалася сярод цюльпанаў на год наперад – чырвоных, жоўтых, фіялетавых, аранжавых, белых. Вось сюды трэба прыязджаць за прыгожым кантэнтам – у аграгарадок Тышкавічы. Уваход у «Знаходку Палесся» платны, каштуе 50 рублёў у буднія дні і 75 – у выхадныя і святы. Але напярэдні Дня Вялікай Перамогі гаспадарка расшчодрылася на вялікія скідкі. Папярэдні запіс на наведванне цюльпанавых плантацый не патрабуецца. Білеты прадаваліся ў парадку жывой чаргі. Адзінае шкада, што з-за кліматычных умоў прыгажосць цюльпанаў парадавала турыстаў толькі 2 тыдні.
Дарэчы, знаходзіцца сярод чароўных цюльпанаў можна роўна гадзіну. У лакацыях яшчэ ёсць яркі рэквізіт накшталт ружовай ванны, ровара і вялікага люстэрка. Разглядала здымкі з Інстаграма беларусаў, выбірала загадзя ракурсы і паспела запланаваць паездку. І была ўражана сакавітымі краявідамі!
Аграгарадок Тышкавічы апошнім часам называюць беларускай Галандыяй. Усё з-за вялізных цюльпанавых палёў, якія заквітаюць увесну і вабяць да сябе аматараў яскравых выглядаў з усіх куткоў краіны.
Цюльпаны распасціраюцца амаль на кіламетр у даўжыню, выклікаючы непераадольнае жаданне рабіць сэлфі.
Атрымала незабыўныя эмоцыі ад гэтага падарожжа ў Іванаўскі раён. Жывое палатно з цюльпанаў – неверагоднае відовішча. Прайсціся па квітнеючых рознакаляровых палях – казка!
Рэкамендую хаця б раз з’ездзіць туды. Вырошчваюць цюльпаны гатункаў «Liberstar», «First Star», «Surrender», «Bolroyal Pink».
Складана паверыць, што ўжо ад прыгажосці нічога не засталося – бутоны скасілі, каб яны не перашкаджалі расці цыбулінам цюльпанаў.
Магу смела сказаць, што гэтае месца – цюльпанавы рай – з паметкай «абавязкова да наведвання».
Прычым, Брэсцкая вобласць на карце – самы сапраўдны батанічны сад. Разнапланавы. Альшанскія агурочныя цяпліцы і бясконцыя градкі з клубніцай пад Лунінцам. Журавіны і чарніцы, за кошт якіх жывуць у Альманах, і кавуны фермераў Кобрыншчыны. У Ганцавічы едуць па галубіку. А ў Іванава – за кветкамі.
Запісала Вікторыя МАРОЗ.