Галасамі нашчадкаў: пра сваіх герояў памятаюць у Вялікім Боры

На пути к Победе

Мірнае жыццё – не падарунак лёсу, а вынік упартага змагання людзей.

Нашы продкі на працягу стагоддзяў не раз дэманстравалі патрыятызм, любоў да Радзімы, заўсёды мужна стаялі за сваю зямлю, сваю праўду і веру. А сёння памяць пра гераізм продкаў зберагаюць і юныя пакаленні жыхароў Хойнікшчыны. Такія, як напрыклад, вучаніца 8 класа Велікаборскай школы Анастасія Раянок. Разам з сябрамі яна наведвае роднага чалавека, просіць падзяліцца ўспамінамі. Вось, што яна расказвае пра трагічны лёс сваёй прабабулі Марыі Кашперкі.

– Сэрца сціскаецца ад болю, калі я слухаю яе ўспаміны. Гэта дзяцінства, апаленае вайной. Мая прабабуля нарадзілася 10 сакавіка 1939 года ў вёсцы Вялікі Бор. У сям’і выхоўвалі пяцёра дзяцей. Яна была самая малодшая. Вайна чорнай навалай уварвалася ў жыццё жыхароў вёскі. Бацька прабабулі, Сачанка Аляксандр Барысавіч, адразу пайшоў на фронт. Ён так і не вярнуўся – загінуў у баі пад Лоевам. Але для сваіх дзяцей назаўжды застаўся героям і прыкладам патрыёта нават для нас, самых малодшых.

У чэрвені 1943 года многія сем’і вёскі Вялікі Бор прымусова, пад пагрозай смерці, выгнаны ў фашысцкае рабства ў Германію. У тым ліку і сям’я маёй прабабулі. Мне нават цяжка ўявіць, як жанчына і яе пяцёра дзяцей увогуле вытрымалі там. Трапілі да фермера ў вёску Дордэхай, той бауэр не цырымоніўся з прыгоннымі, прымушаў працаваць літаральна за пусты булён. Каб проста выжыць, даводзілася рабіць да цемры.

У Вялікі Бор сям’я вярнулася толькі ў верасні 1945 года. Вядома, родныя мясціна Сачанкі не пазналі – папялішча мала падобнае на вуліцы, родную хату і не марылі пабачыць. Вёску разам з мірнымі жыхарамі цалкам спалілі нямецкія акупанты. Але тыя, каму пашчасціла выжыць і вярнуцца, адбудавалі населены пункт, надалі яму новае жыццё.

Колькі памятаю, мая прабабуля не стрымлівае слёз, калі кажа пра дзяцінства. Нават цяжкія часы яе галоднага юнацтва прыносяць не такі сум. Бо тады быў мір, новае жыццё.

Наша Радзіма паўстала з попелу. З кожным годам яна прыгажэе, займаючы годнае месца сярод краін свету. І ад нас, маладых, залежыць, якой яна стане ў будучым. Трэба заўжды помніць, што няма месца больш утульнага і ласкавага да сэрца чалавека, як родная зямля. Трэба любіць аддана і да канца сваю Радзіму, захоўваючы памяць аб гістарычным мінулым нашага народа. Вялікае шчасце – жыць у мірнай краіне. Няхай заўсёды будзе мір!

Запісала Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота з асабістага архіву А. Раянок.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *