– Месца гэта сапраўды цудоўнае!Трапіла туды мэтанакіравана – вырашыла летам наведаць цікавыя славутасці Беларусі. Я працую ў галіне культуры, таму мяне вельмі захапляе ўсё, што звязана з беларускай мовай, літаратурай, музыкай… Сёлетні год юбілейны – 135-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Янкі Купалы (Івана Луцэвіча) – выдатная нагода пабываць на яго радзіме.
Вёска Вязынка знаходзіцца недалёка ад Мінска – недзе ў 40 кіламетрах, што вельмі зручна для вандроўнікаў. Без цяжкасцей дабрацца можна па чыгунцы. Толькі ўлічвайце, што панядзелак – выхадны дзень. Уваход для дарослых каштуе 2 рублі, для вучняў, студэнтаў – 1 руб., экскурсія – 3,50 руб. і 3 руб. адпаведна.
Дзяржаўны лiтаратурны музей Янкi Купалы размяшчаецца ў Мінску, а ў Вязынцы – яго філіял. Ён быў заснаваны ў 1945 годзе. З 1972 года гэта Купалаўскі мемарыяльны запаведнік. Яго агульная плошча 21 гектар. Тут знаходзяцца рэчка Вязынка, якая дала назву мясцовасці, рэшткі былога маёнтка Замбжыцкіх: дом, свіран, хатка дваровых, стары сад, – а таксама гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі II–IV стст. н. э., валуны з высечанымі на іх радкамі з твораў Янкі Купалы, крыніца, дуброва, пасаджаная беларускімі пісьменнікамі да 100-годдзя з дня нараджэння паэта, помнік паэту, малыя архітэктурныя формы, а ўсё навокал аздоблена ўзгорыстымі і лясістымі мясцінамі.
Я з задавальненнем пагуляла дзве гадзіны па тэрыторыі. Атмасфера мінулых гадоў невымоўная. Мне было цікава ўсё. Кожны экспазіцыйны комплекс суправаджаецца паэтычнымі радкамі і фрагментамі аўтабіяграфічных лістоў. У экспазіцыі выкарыстаны алічбаваныя матэрыялы: рукапісы і фатаграфіі з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы; копіі дакументаў з Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі.
У пакоі, дзе ў 1881–1883 гг. жыла сям’я Луцэвічаў, і сенцах узноўлены тагачасны інтэр’ер. Аўтэнтычныя рэчы канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя былі сабраны ў ваколіцах Вязынкі.
З Інтэрнэту даведалася пра традыцыйныя святы, якія тут праводзяцца. Да прыкладу, студэнцкае этнаграфічнае таварыства і музей Янкі Купалы кожную восень ладзяць «Багача».Гэта свята ўраджаю, якое звязана з днём восеньскага раўнадзенства. З Багачом абыходзілі ўсе двары ў вёсцы і вакол статка, а пасля яго ставілі ў хаце пэўнага гаспадара і пакідалі да наступнага жніва. Паводле народных павер’яў, Багач павінен быў забяспечыць дому багацце і шчасце. Акрамя таго, у Вязынцы арганізуюць рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі…».
А кожнае лета ў пачатку ліпеня Вязынка збірае сяброў, каб адсвяткаваць дзень нараджэння Янкі Купалы. З усяго свету прыязджаюць госці на радзіму беларускага паэта.
Для даведкі: ёсць яшчэ тры філіялы Дзяржаўнага лiтаратурнага музея Янкi Купалы – у в. Ляўкі Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, в. Харужанцы Лагойскага раёна Мінскай вобласці і в. Яхімоўшчына Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. Адкрывайце для сябе Беларусь – у нас шмат цікавага і прыгожага!
Запісала Наталля ЧЭКАН.
Фота Л. Лобан і з сайта fotobel.by