Без такога спецыяліста, як Наталля Філіпава з МТФ «Судкова» не абысціся. Яна лепш за ўсіх ведае, якой з кароў прыйшла пара стаць маці. Без яе ўдзелу дасягнуць адчувальнага поспеху ў жывёлагадоўлі практычна немагчыма.
Знаёмімся бліжэй. Сёлета імя зямлячкі ўжо гучала на старонках «Хойніцкіх навін». Менавіта наша гераіня стала лепшым асеменатарам па штучнаму асемяненню кароў, перагнаўшы 10 вопытных канкурэнтаў.
Але ж якія прафесійныя сакрэты ведае жанчына, што стала пераможцай? Колькі доўжыцца ахвота буронак (перыяд, калі яна гатова да апладатварэння), і чаму рукі – галоўны інструмент у рабоце? Гэта і даведаліся ў зямлячкі:
– Калі душа ляжыць да любімай справы, тады і ўсё атрымаецца. Ведаў у мяне многа, асабліва практычных. Праўда, і калегі з другіх гаспадарак былі малайцамі. Аднак і я здавацца не збіралася (усміхаецца). Дарэчы, падарунак за перамогу – 20 базавых вялічынь – мне хутка спатрэбіцца. Скарыстаюся ім на вяселлі дачкі Святланы, якая ў ліпені выходзіць замуж.
З чорна-стракатымі каровамі сябрую 20 гадоў. Раней і дома трымала – прыгажуню звалі Малышка, а зараз на ферме практычна пасялілася са сваімі падапечнымі. І не шкадую! Без мяне і яны не могуць, і я таксама без іх сумую. У маёй прафесіі ўсё трэба рабіць своечасова. Мы тут з калегамі часта адзначаем, што карова – не трактар, які можна падрамантаваць сёння ці праз тыдзень. Вось буронку неабходна асемяніць, калі яна ў ахвоце, якая доўжыцца 8-12 гадзін. Калі ўпусціш момант, перагуляе – тады чакай 21 дзень да новай ахвоты. Прапусціш і гэты тэрмін – там і да ялавасці (бясплоднасці) недалёка. Ад такой каровы ўжо і карысьці няма. Таму за сваімі Зоркамі, Мартамі, Рыжулямі штодзённа прыглядваю. Сачу за іх паводзінамі, каб калі «паспела» жывёліна – асемяніць. Сам працэс не вельмі складаны: семя быка захоўваецца ў вадкім азоце пры мінусавой тэмпературы. Размарожваю ў тэрмастаце, затым правяраю на рухомасць. І ўжо на апошнім этапе – апладатварэнне буронкі. Працэдура доўжыцца ў сярэднім тры хвіліны. Калі ўжо падыходзіць час – падапечную адпраўляем у радзільнае аддзяленне. Пасля з’яўлення цяляці на свет, праз некалькі гадзін «немаўлятка» змяшчаем у спецыяльны станок, дзе потым 10 дзён яно поіцца малозівам. Шчыра кажучы, мы тут з ветурачом і даяркамі – адзінае цэлае.
На самай справе рукі ў мяне – галоўны інструмент: бо працаваць даводзіцца практычна ўсляпую, таму яны павінны быць вельмі адчувальнымі.
Наталля не толькі каштоўны работнік сельгаспрадпрыемства, але і маці чацвярых дзяцей, бабуля, і актыўны аўтамабіліст. Вось, напрыклад, у дзень нашай сустрэчы асеменатар прыехала на ферму на машыне.
Гераіня па нацыянальнасці руская – нарадзілася ў Ленінградскай вобласці.
Цельнасць (цяжарнасць) рагатай карміліцы доўжыцца 9 месяцаў. Да сямі месяцаў яна знаходзіцца з усім статкам і таксама доіцца. За два месяцы да нараджэння цяляці буронку адпраўляюць у запуск, або «дэкрэтны водпуск».
На абслугоўванні асеменатара знаходзіцца 290 кароў, з іх 260 – дойнага статка. У гэтым годзе зямлячка асемяніла 180 галоў.
Наталля Філіпава трымае дзвух свіней і 30 курачак.
Вікторыя МАРОЗ.
Фота аўтара.