Каб былі дабрабыт і здароўе! У Вялікім Боры правялі Русалку ў поле

Главное Культура

Па даўнім павер’і, на тыдні пасля Сёмухі з лясоў і балот да людскіх паселішчаў выходзяць русалкі. Істоты яны нядобрыя, намышляюць нашкодзіць чалавеку, наслаць гібель на ўраджай, кароў малака пазбавіць, а лепшых сяброў пасварыць.

У аграгарадку Вялікі Бор здаўна праводзяць абрад «Провады русалкі» як сімвал выгнання гэтых істот далей ад чалавечага жылля.

Нагадаем, што ў 2016 годзе этнаграфічная жамчужына Хойнікшчыны атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Сёлета ролю Русалкі выканала гімназістка Вікторыя Кузьменка, а яе «ахоўнікамі» сталі Радзіён Харошка і Сяргей Дземідзенка. Дапамагалі моладзі работнікі сектара культуры – як мясцовыя, Вялікаборскага Цэнтра вольнага часу, так і гарадскіх устаноў культуры, уключаючы бібліятэчную сістэму і Дом рамёстваў.

Вяскоўцы апранулі святочныя ўборы, сплялі вянкі малыя і адзін вялікі, прыбралі Русалку ва ўбранне з травы, галінак і кветак і павялі яе да поля за вёску з абрадавымі песнямі. Той самы вялікі вянок неслі за яе спіной. Каля поля распалілі вогнішча, дзе ўсе вянкі асвяцілі і кожны загадаў жаданне. Затым вялікі вянок раздзерлі на пучкі, якія па павер’ю надзеленыя асаблівай сілай урадлівасці.

Тым часам Русалка ўцекла ў поле разам са сваімі ахоўнікамі, а вяскоўцы імкнуліся дагнаць русалку і абарваць з яе лісце, кветкі і травы. Гэтая зеляніна дзеля добрага ўраджаю адправілася на агароды людзей.

Цікава, што з кожным годам абрад не губляе сваёй папулярнасці. Людзі прыходзяць на свята цэлай вёскай. Прыязджаюць і гарадскія госці, а апошнім часам усё больш наведвальнікаў – з Мазыра. І кожны знаходзіць, пэўна ж, тут нешта сваё: адны аддаюць даніну традыцыям продкаў, іншыя цікавяцца больш этнаграфічнымі і гістарычнымі аспектамі магічных дзеяў, а хтосьці проста прыходзіць паглядзець прыгожае выступленне, каб адпачыць і атрымаць шмат пазітыўных эмоцый.

Алена СМУСЯНОК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *