Ішла планёрка, мы з калегамі абмяркоўвалі надзённыя пытанні, ідэі публікацый, у тым ліку, аб чым напісаць у гэтай калонцы. Ідзе бурны абмен меркаваннямі, гучыць мноства прапаноў – гутарка часам пераходзіць у невялікія творчыя спрэчкі. І тут адзін журналіст гучна кажа: «Усё гэта дробязі. Галоўнае, што ў нас мір і мы павінны яго цаніць».
Раптам усе непаразуменні адышлі на другі план, у кабінеце павісла цішыня. Усе задумаліся. Сапраўды. Мы, безумоўна, усе гэта ўсведамляем. Часта пра гэта гаворым і пішам. Але ў той момант гэтыя словы ўзбадзёрылі і далей «лятучка» праходзіла з іншым настроем. Узнятым. І адразу стала зразумела, што абавязкова трэба прысвяціць старонку святочнага нумара «раёнкі» таму, чым мы ганарымся.
Па-першае, гэта галоўная каштоўнасць, за якую мы павінны дзякаваць лёсу, – гэта мір. Мір у нашых сем’ях, у нашай краіне, у адносінах паміж людзьмі. Любыя жыццёвыя праблемы адыходзяць на задні план, пачынаюць здавацца дробнымі і неістотнымі тады, калі рвуцца снарады, свішчуць кулі.
Па-другое, мы, хайнічане, вельмі ганарымся сваім утульным, прыгожым, гасцінным раёнам. Для нас гэта, няхай і невялікі, але самы лепшы дом, дзе ў пашане жывуць старыя, працуюць гаспадары, сталее моладзь і падрастаюць шчаслівыя дзеці.
Аднаўляюцца аб’екты, мадэрнізуюцца малочнатаварныя фермы, праводзіцца рамонт дарог, набываецца новая тэхніка. Частку «навінак» можаце ўбачыць у фотарэпартажы, які змешчаны у канцы гэтага матэрыялу.
І, безумоўна, мы ганарымся, сваімі людзьмі. На нашай хойніцкай зямлі жывуць спагадлівыя, працавітыя і добрыя палешукі.
Кожны раз, калі чуеш прыемныя словы пра землякоў ці Хойнікшчыну, захлынаюць бязмежныя пачуцці любові, гонару.
Сёння мы адзначаем сваё галоўнае, святое свята – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Усе разам, прыгожа і ўрачыста. З расквечанымі сцягамі, лозунгамі, кветкамі, шчырымі ўсмешкамі, музыкай. У 11.00 сустрэнемся на плошчы Танкістаў, будзем віншаваць адзін аднаго, дзякаваць нашым продкам за Перамогу і ў чарговы раз задумаемся аб тым, як важна цаніць мір!
Наталля РЭВЯКА, галоўны рэдактар.
Фотарэпартаж да свята Незалежнасці
Хутка наваселле можна будзе святкаваць у новым шматкватэрным доме па вул. Жукава райцэнтра
Не спыняюцца работы на доўгачаканым і такім жаданым для ўсіх хайнічан аб’екце – басейне
Малочна-таварны комплекс КСУП «Судкова» радуе не толькі навізной, але і высокімі вытворчымі паказчыкамі
Кіламетры хойніцкіх дарог сёння пакрыты новым асфальтам. Вось і цяпер работнікі ДРБУ № 155 занятыя на вул. Калгасная
Хойніцкім дзеткам так спадабалася гуляць на новай пляцоўцы! Даўно скарылі ўсе высоты тут
Для плённай працы – новая тэхніка. Нашы лесаводы для новых вытворчых рэкордаў набылі харвестар Амкадор
Прыгажэе наваколле побач з гарадской гімназіяй. Тут аднавілі агароджу і тратуары
У рамках рамонту паліклінікі аднавілі і запасныя выхады – у тым жа стылі, што і галоўны ўваход
Маштабныя змены чакаюць сквер Энергетыкаў. Работы ўжо ў самым разгары
Фота Алены СМУСЯНОК і Алесі ЯЧЫЧЭНКА.