Ой, у ночку ды купальскую… На Хойнікшчыне ўлетку шукалі папараць-кветку

Культура Общество

Разгар лета – час ладзіць самае старажытнае народнае свята, прысвечанае сонцу і росквіту зямлі. У купальскую ноч усё вакол набывае чароўную моц, і мы з радасцю вяртаемся да вытокаў беларускіх культурных традыцый.

Час імклівы, ён змяняе характары і лёсы людзей, перайначвае ўспрыманне свету. Але, як бы моцна не змянялася жыццё, чалавека заўжды цягне да таямнічага і сакральнага. І моладзь, трымаючы ў руках самы сучасны гаджэт, марыць адшукаць тую самую папараць-кветку, якая адорыць шчасцем і вечным каханнем. Не будзем казаць за ўвесь свет, але на Хойнікшчыне свята Івана Купала адзначылі гучна.

Увечары на беразе вадаёма па вул. Лермантава райцэнтра па традыцыі сабраліся тыя, хто захацеў яшчэ раз пагрузіцца ў купальскую атмасферу. Гасцей віталі дзяўчаты ў прыгожых сукенках і вяночках. Для іх былі падрыхтаваны карагоды, песні, забавы і гульні… Кожны мог тут знайсці нешта цікавае для сябе. Трэба адзначыць, што галоўны атрыбут – вянок – упрыгожваў і маладых дзяўчат, і маленькіх дзетак.

Землякі атрымалі выдатную магчымасць успомніць даўнія звычаі і перанесціся ў свет казак і народных паданняў. Работнікі сектара культуры райвыканкама падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне і канцэртную праграму.

Маладыя дзяўчаты пускалі свае вянкі, сплеценыя з палявых кветак на ваду, каб даведацца, хто першай выйдзе замуж. Вядома ж, галоўнай інтрыгай свята стаў пошук папараць-кветкі, якая, згодна з легендай, робіць чалавека шчаслівым.

Увесь вечар гледачоў забаўлялі традыцыйныя героі свята, а калі сцямнела, усе загадвалі жаданні ля купальскага вогнішча. У Хойніках агонь разгарэўся з велізарнай сілай, што сведчыць пра перамогу святла над цемрай, пра перамогу жыцця.

Алена СМУСЯНОК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *