У сельскім магазіне асаблівая атмасфера — жыхары і навіны раскажуць, і хлеб купяць

Наши проекты

Зараз тэма нумар адзін у аграгардку Глінішча – што ў каго паспела на агародзе, які ўраджай бульбы. Вось, напрыклад, нядаўна падслухала: «Тамара, у мяня кабачкі ўрадзілі». А другая гаспадыня працягвае «Штосьці гуркі ў гэтым годзе нікуды…». Такія гутаркі не рэдкасць. А дзе ж размаўляць пра вясковыя справы, як не ў магазіне? Бо, шчыра кажучы, не толькі за пакупкамі прыходзяць жыхары.

Па чырвоным надпісы здалёк відаць, што гэта магазін, яго назва «Курени» (па матывах твора «Людзі на балоце» земляка Івана Мележа). Адразу адчуваецца жаночая рука: унутры чыста і ўтульна. Тут пакупнікоў сустракае ветлівая жанчына Нэлі Хадасок. Хоць сама дабіраецца сюды з райцэнтра цэлы год, але ўжо для вяскоўцаў стала сваёй. Так і кажуць «Наша прадавец».

Нягледзячы на тое, што памяшканне невялікае, гэта не ўплывае на асартымент. Тут ёсць усё: каўбасныя, рыбныя, хлебабулачныя, кандытарскія вырабы, малочная і мясная прадукцыя, паўфабрыкаты, садавіна, напіткі. Усё свежанькае. Машыны з таварамі прыязджаюць некалькі разоў на тыдзень. Гэтыя дні самыя ажыўленыя, паток пакупнікоў вялікі.

Самы хадавы тавар летам – марожанае. Асабліва разбіраюць яго дзеці: пламбір і лёд у лідарах. Вось і журналіст сустрэла тройцу сяброў – двух хлопчыкаў і дзяўчынку.

– Мы самі не адсюль, да бабуль прыехалі ў госці. Нам вельмі спякотна. Добра, што магазін ёсць, вырашылі астудзіцца.

Праз некалькі хвілін на гарызонце новы чалавек – Алена Дубадзел. Прыйшла за хлебам. І пра мужа пачала расказваць. Не так даўно ён з палявода перакваліфікаваўся ў жывёлавода.

– Нэлі, хлеб і малако прывезлі? – на парозе Ганна Еўтушэнка. З работы заскочыла ў магазін. – Часам і няма асаблівай патрэбы ў пакупках, але хочацца схадзіць. Таму што прыемна зайсці сюды, тут дружалюбная атмасфера, дзяўчынкі-прадаўшчыцы тыя, што трэба. Сёння Нэлі працуе, заўтра Таццяна Чатырка будзе. З імі пагаварыць можна, і пакупкі зрабіць хочацца.

Па прадукты, асабліва смачныя памідоры і апельсіны, едуць нават з бліжэйшых вёсак. Спіс тавараў у кожнага свой. Але самае галоўнае – у магазіне ёсць тое, што не купіць ні за якія грошы, гэта прыемнае стаўленне прадаўца да кожнага.

Дарэчы, магазін «Курени» дасць фору і гарадскім гандлёвым кропкам. Прыязджайце, самі пераканаецеся. А яшчэ тут з вамі абавязкова захочуць пагаварыць пра жыццё.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *