Надзейны тыл хлебаробаў: шчасце — калі сям’я побач. Любімае поле тое, дзе больш намалотаў

Общество Сельское хозяйство Урожай-2025

Хлебароб –  гучыць горда! А сям’я хлебароба – удвая лепш. Дзеля самых дарагіх людзей хочацца і горы звярнуць. Упэўнены ў гэтым камбайнер КСУП «Судкова» Уладзімір Чудакоў.

Аграрый з дзяцінства прывучаны да сельскай працы. Прызнаўся, што толькі карову даіць не ўмее, а з усім астатнім справіцца. І жонку выбраў па душы – з вёскі, некалі суседкай была ў Небытаве, а потым і вяселле згулялі.

«Сям’я – самае дарагое ў жыцці кожнага з нас. Мы адпачываем разам. Усе святы адзначаем выключна ў сямейным коле. Толькі ў гарачыя будні і выхадныя бачымся рэдка. Муж заўсёды на палях. Але ж мы з дзецьмі ўжо не сумуем, звыклі, бо разумеем, што работа ў яго такая – патрэбная. Хлеб дабываць не кожны зможа. Ганарымся ім», – далучаецца да гутаркі жонка хлебароба Наталля, якая працуе кладаўшчыком у Казялужскай школе.

Максімум за дзень намалаціў 147 тон

З ранніх гадоў Уладзімір бачыў, як працуюць бацькі, дапамагаў ім па гаспадарцы. Па іх кроках і пайшоў. Нехта скажа, што ў горадзе жыць лепш. Аднак наш герой ніколі з гэтым не пагадзіцца. А што ў горадзе? Мітусня. Іншая справа – вёска. Тут воля, свежае паветра. Адным словам – мілата. Таму і жыве камбайнер у Казялужжы.

«Быць на ўборачнай – за шчасце. Я ведаю, дзеля чаго працую ад зары да зары: для сябе, сваіх блізкіх, сваёй Хойнікшчыны. Калі яшчэ жонка падтрымлівае, то гэта дарагога варта. Ды і проста прыемна, калі каханая жанчына пра цябе клапоціцца. Тэлефануе некалькі разоў на дзень. Пытаецца, ці я не галодны. А дзяўчаты нас з «Мілкавіты» смачна кормяць кожны дзень. Вось і кажу, каб не перажывала», – распавядае Уладзімір Чудакоў.

Летась Уладзімір Чудакоў стаў дзвюх-тысячнікам

Дарэчы, у жонкі аграрыя загадзя ёсць план, як патраціць грошы са жніва (сам хлебароб не супраць). У асноўным, усё ідзе на рамонт прыватнага домаўладання. Напрыклад, сёлета збіраюцца купіць новую агароджу.

Галоўнае на жніве – надвор’е. Таму і за сіноптыкамі сочыць уся сям’я, сыны Ягор і Максім таксама падключаюцца да справы. Вось сёння сонечна – можна працаваць і працаваць, кажуць дзеці, а заўтра ўжо дажджы і навальніцы перадаюць.

Калі не сезон, Уладзімір працуе вадзіцелем на «Ніве» – развозіць даярак

«Разумная тэхніка сама выбірае патрэбны ўзровень хуткасці і абарачэнняў рухавіка. Жатка падмінае каласы, пыл ляціць ад сухіх сцяблін. Я заўсёды любіў камбайн. Яшчэ з дзяцінства падабалася глядзець на бязмежнае пшанічнае мора. І зараз, калі ідзе чарговая барацьба за ўраджай, я на перадавой. Збожжа чакаць не будзе. Таму малоцім да глыбокага вечара. У кабіне ў нас з напарнікам Алегам Курленка чыста, можна і ў гальштуку сядзець за штурвалам», – усміхаючыся дзеліцца субяседнік.

–Якое зерне лягчэй малаціць?

– Пшаніцу. Таму што меншая нагрузка на камбайн

На раённых Дажынках – перадавік. На уборачнай – таксама. І пры гэтым ніколі не задаецца перад калегамі. Такі ён – Чудакоў.

«Пашанцавала мне з Валодзям. Мы 17 гадоў разам і ўсе гэтыя гады не пашкадавалі, што з’явіліся ў жыцці адзін аднаго. Складана ў спякоту амаль невылазна кіраваць шматтоннай махінай. Часам па 15 гадзін за суткі. Ён клапатлівы бацька для хлопчыкаў. Здзіўлюся, адкуль сілы ў яго бяруцца. Ён і мне па гаспадарцы дапаможа, і з Максімам урокі зробіць, і сяброў заўсёды гасцінна сустрэне. Добры чалавек, вось усе да яго і цягнуцца. Можа таму, што 20 гадоў на зямлі працуе, – дзеліцца Наталля, сапраўдны тыл для хлебароба.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *