Тутэйшыя: Тунеўшчына прыцягвае не толькі сваіх. Тут ведаюць пра сапраўднае багацце

Тутэйшыя

У самым сэрцы Палесся, дзе сцежкі плятуцца паміж соснамі і бязмежнымі палямі, а паветра пахне свежаскошанай травой, прытулілася вёсачка Тунеўшчына.

Тут жыццё быццам цячэ не па гадзінах, а па сонцы, а вымяраецца не ў інтэрнэтных «лайках», а па ўраджаі, кветкавым багацці і ўсмешках мясцовых жыхароў. Тут забываешся на гарадскую мітусню, затое знаходзіш простае, але такое незабыўнае шчасце.

Здаецца, што тутэйшыя, з якімі пашчасціла пазнаёміцца, ніколі тут не прачынаюцца па гадзінніку. Гэта нашым землякам зусім не патрэбна – яны лепей за сонца ведаюць, што летні дзень год корміць, а таму работы ім хопіць да самай глыбокай восені.

Марыя Ліхач

Зафіксаваць, як жывуць у Тунеўшчыне, завіталі на вуліцу Грачыхіна. У першай жа хаце пабачыліся з паважанай Марыяй Ліхач. Па традыцыі ў час гаворкі пацікавіліся пра самыя любімыя вясковыя святы. Як паведаміла Марыя Аляксандраўна, прастольнымі святамі ў Тунеўшчыне былі Каляды і Вялікдзень. Падкрэслім, не кожная вёска можа пахваліцца такой колькасцю. Звычайна ў такі дзень сялянская сям’я раней чакала да сябе ў госці родных, з’язджаліся з усіх вёсак Хойнікшчыны, а потым чакалі да сябе.

Уладзімір Рассошанка

Ды і сёння сама Марыя Аляксандраўна ў адзіноце не сумуе: штотыдня да яе прыязджаюць сястра Люба з мужам Валодзем. Уладзімір Уладзіміравіч, дарэчы, заехаў да родзічкі дапамагчы падкасіць тэрыторыю ды грушак прывёз пасушыць. Муж і жонка Рассошанкі доўгі час жывуць у Мазыры, але ў вёску прыязджаюць з жаданнем.

Тамара Чарнаштан

Па парадзе гаспадыні рушым далей – там злева стаіць дом, дзе жывуць толькі ў цёплы сезон. Гэта ўраджэнцы вёскі – Тамара і Уладзімір Чарнаштан. Муж і жонка знаёмыя з дзяцінства, у маладосці вырашылі звязаць сваі лёсы разам. І паехалі ў Мазыр. Але кожныя святы вярталіся ў родны край, дзе, здаецца, і хлеб смачнейшы. Сёння Тамара Уладзіміраўна ўспамінае, як яе бацькі прымалі гасцей на прастольныя святы, а самі потым на вазу ехалі да сяброў – калі «на пасёлак» – у Рабец, а калі ў Абухаўшчыну ці Дуброву. Пазней прывозілі адтуль мёд і арэхі з семачкамі дзеткам.

Ганна Белаус

Паміж іншым, успомнілася жанчыне, з якой павагай уся вёска адносілася да вясковага настаўніка Арцёма Сідарка. Насуперак стэрэатыпам, менавіта мужчына быў першым педагогам тунеўшчынскіх дзетак. Тут дзейнічала пачатковая школа. А вось дзясяты клас Тамара Уладзіміраўна завяршала ў новай, толькі адбудаванай глінішчанскай школе.

Святлана Кавальчук

Ідзем па вуліцы наперад: а пра гэту гаспадыньку мы расказвалі! Хайнічанка Святлана Кавальчук пераўтварае дом свайго дзяцінства на радавую сядзібу. Каля роднае зямлі жанчына набіраецца сілы, тут хочацца ствараць новае, расціць смачныя гародніну і садавіну, яшчэ многа планаў увасобіць і проста адпачываць душой. Яе дом патанае ў кветках, хаця сама зямлячка пераконвае: гэта вы яшчэ ў цёці Каці не былі. Вось там сапраўдны кветкавы рай!

Кацярына Барысенка

Цікава пабачыць. Шукаць доўга не давялося: домаўладанне адразу прыцягвае погляд. Сапраўды столькі кветак не бачылі. Ды і на самым доме доказ: тут жыве гаспадарыня, якая ведае сэнс у парадку і прыгажосці. Знаёмцеся: Кацярына Барысенка.

– Ніводнай зеляніны! – паказвае на сваю тэрыторыю Кацярына Сяргееўна. – Больш за дваццаць гадоў на хаце шыльда вісіць «Дом узорнай культуры». Штогод гэтаму статусу адпавядаю.

Ніякай працы гэта жанчына не баіцца. Яшчэ зусім маленькай засталася без матулі, але генетычна пераняла ад роднага чалавека прагу да жыцця і павагу да работы. Хоць якой – абы сапраўднай і сумленнай. Усё жыццё рабіла на зямлі, сярод людзей – спачатку ў гандлі, потым у калгасе да самай пенсіі. А цяпер росціць прыгажосць. Чаго толькі няма на кавалачку ўласнай зямлі! Як кажуць, лепей пабычыць. А гаспадыня шчыра запрашае.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *