А вы ведалі, што снежань сёлета ў Беларусі аб’яўлены месяцам гастранамічнага турызму. Журналісты раёнкі не сталі чакаць нагоды і адправіліся паспытаць сапраўднага хатняга сыру. Гэты далікатны бялюткі прадукт смачна гатуе гаспадыня з аграгарадка Вялікі Бор Людміла Кашперка.
Пра такое ўменне жанчыны даведаліся абсалютна выпадкова – ў час наведвання Вялікаборскай школы педагогі надта хвалілі талент Людмілы Браніславаўны.
Дарэчы, жанчына з 1992 года працуе тэхпрыбіральшчыцай у гэтай установе адукацыі, заслужыла павагу ад некалькіх пакаленняў вучняў і працоўнага калектыву.
Рушым да гаспадыні. Ураджэнка вёскі Партызанская ў 1990-х пайшла замуж за каханага Аляксандра, які выбраў прафесію лесавода і многія гады працуе ў Казялужскім лясніцтве. Як тады часта здаралася, маладыя пазнаёміліся на танцах у сельскім клубе. А цяпер святкуюць чацвёртае дзесяцігоддзе разам.
Сям’я Кашперка трымае худобу: у хляве жыве карміліца-кароўка Зорка, тры свінкі адпачываюць у загончыку. Вядома, як у сапраўднага сельскага жыхара, Браніславаўна вырошчвае ўсю патрэбную гародніну на сваім участку.
– Яшчэ і дочкам хапае з сабой дадому прывезці, – канстатуе руплівіца.
І сама сабе здзіўляецца: ну што такога незвычайнага, што яна сыр гатуе самастойна!
Верыце, такога далікатэсу не спрабавала! Падобны на адыгейскі сыр, прадукт ад Людмілы Браніславаўны не ідзе ні ў якое параўнанне – мякенькі, сакавіты, смаката!
– Нічога незвычайнага ў прыгатаванні няма. Спатрэбіцца 3 літры тлустага малака, якое варта закіпяціць. Пасля кідаем 2 сталовыя лыжкі солі і ў самым канцы 50 мл воцату. Зліваем масу ў дуршлаг, даем сцекці, можна прыціснуць чым-небудь зверху, каб сыроватка добра злілася. Потым на суткі ў халадзільнік – сыр для сняданку гатовы. З гарачым салодкім чаем самае тое, – раіць Людміла Браніславаўна.
Вельмі любяць родныя нашай гераіні хатні тварог і вяршкі, а яшчэ ні з чым не паблытаюць смак свайго малака, што Зорка шчодра дае. Кожныя выхадныя кватэра мужа і жонкі Кашперка напаўняецца вясёлым смехам – у госці да бабулі з дзядулям прыязджаюць унукі. Здаецца, няма большага шчасця, чым такія дні.
Хаця Людміла і без таго ведае, як адпачыць душой. Разам з сяброўкамі завяла традыцыю арганізоўваць паездкі на канцэрты ў Гомель. Хутка адправяцца жанчыны паслухаць выканаўцу Марыю Дзявятаву.
– Як бы вы пабачылі наш святочны стол – вось гэта гастранамічны турызм! – на развітанне кажа мілая Людміла.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.

