Рэтраспектыва: у Год беларускай жанчыны расказваем пра ўраджэнак Хойнікшчыны, якія праславілі малую радзіму

Год белорусской женщины

У кожным раёне ёсць гераіні, якія дзякуючы свайму таленту і накіраванасці на высокія вынікі, праславілі не толькі сваю малую радзіму, але і ўсю нашу краіну.

У Год беларускай жанчыны вырашылі ўспомніць, чые дасягненні сталі прыкладам для некалькіх пакаленняў, дэманструючы, что незалежна ад абставінаў, кожная жанчына можа змяніць свет вакол сябе і пакінуць яркі след у гісторыі свайго рэгіёна.

Яна натхняла рэжысёраў і магла адным позіркам усхваляваць гледача. 102 гады назад у в. Баршчоўка нарадзілася народная артыстка БССР Раіса Кашэльнікава. Найбольш поўна індывідуальнасць актрысы праявілася ў ролі Паўлінкі ў аднайменнай п’есе Янкі Купалы. Нават Вялікая Айчынная вайна не спыніла прагу да творчасці: Раіса Кашэльнікава радавала беларусаў выступленнямі ў франтавой тэатральнай брыгадзе.

Што такое вайна і што значыць Вялікая Пермога, з маладосці спазнала зямлячка Еўдакія Сядова. Яна зусім яшчэ юнай прайшла гэтыя жорсткія 1940-я, дайшла да Берліна, а потым вярнулася на малую радзіму, каб разам з усімі будаваць мірнае жыццё. Еўдакія Андрэеўна многа гадоў узначальвала насенную лабараторыю дзяржсемінспекцыі, а званне Ганаровага грамадзяніна Хойнікшчыны атрымала ў 1990 годзе.

У 39 гадоў стала Заслужанай артысткай БССР – высокі статус атрымала ўраджэнка в. Валокі Ганна Аўдзеенка дзякуючы свайму вакальнаму таленту. Гэта беларуская спявачка была салісткай Дзяржаўнага народнага хора БССР, разам з калегамі жаночага вакальнага калектыву станавілася лаўрэаткай Усесаюзнага фестывалю моладзі і студэнтаў.

Нарадзілася ў самы разгар Вялікай Айчыннай вайны – у 1942 годзе ў в. Навасёлкі. Патрыётка малой радзімы, зямлячка Алена Вяргейчык заслугоўвае самых шчырых слоў павагі. З 1961 года яна працавала цялятніцай, у 1976 годзе – брыгадзір жывёлаводаў саўгаса «Судкова». За работу па павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак прадукцыі жывёлагадоўлі Алене Яфімаўне прысвоена званне Героя працы. З 1971 па 1975 гады – дэпутат і член Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

У Хойніках нарадзілася беларускі харавы дырыжор Інэсса Вінаградава. Заслужаны работнік культуры БССР, Інэсса Леанідаўна выкладала ў Брэсцкім музычным вучылішчы, а пазней працавала дырыжорам-хармайстрам хора Беларускага радыё і тэлебачання і адначасова выкладчыкам Мінскага інстытута культуры. Доўгі час узначальвала харавыя калектывы мастацкай самадзейнасці.

Сама з Небытава – праславіла ўсю Хойнікшчыну. Так можна сказаць пра вядому беларускую паэтэсу Аллу Канапельку. Алла Іванаўна родам з сялянскай сям’і, але прага да ведаў прывяла яе спачатку ў Лоеўскае педагагічнае вучылішча, а потым на філалагічны факультэт БДУ, пасля якога працавала ў Доме літэратараў Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Медыцына і навука заўсёды побач з ёй – нельга не ганарыцца ўраджэнкай Хойнік Людмілай Макарынай-Кібак. Доктар медыцынскіх навук, галоўны рэдактар навуковага часопіса «Отарыналарынгалогія. Усходняя Еўропа», Людміла Эдуардаўна ўзначальвала Рэспубліканскую бальніцу паталогіі слыху і Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр отарыналарынгалогіі. З’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI і VII скліканняў. Удастоена звання «Жанчына года-2013», заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь. Яе імя ўпрыгожвае Дошку знакамітых вучняў сярэдняй школы № 2 у Хойніках. Сёння зямлячка – дырэктар Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі.

Маргарыта Махнева і Вольга Худэнка – маладыя хайнічанкі, якія заслужылі званні Ганаровых грамадзян Хойніцкага раёна. Абедзьве яскрава праявілі сябе ў спорце: будучы байдарачніцамі, выступаючы ў нацыянальнай сборнай з 2011 года, неаднаразова падымаліся на п’едэстал гонару на Алімпійскіх гульнях і чэмпіянатах свету, Еўропы. І Вольга, і Маргарыта – заслужаныя майстры спорту Рэспублікі Беларусь.

Падрыхтавала Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *