Чарнобыльскія дзённікі: халоднае лета 1986-га ўспамінае дырэктар Глінішчанскай школы Людміла Кулакоўская – на малую радзіму вярталіся з крыкам «ура»

Наши проекты Чарнобыльскія дзённікі

– Каб пра гэта знялі кіно, дык напэўна і тады не паверылі! – у час гаворкі здзіўлялася дырэктар Глінішчанскай школы Людміла Кулакоўская.

У час свайго працоўнага водпуску Людміла Фёдараўна знайшла час, каб прысвяціць успамінам сустрэчу. І хаця маю паважаную суразмоўцу зноў ахінулі сумныя думкі пра былое, усё ж нагода – 40-годдзе чарнобыльскай трагедыі – нібыта абавязвае расказаць.

Родам Людміла Фёдараўна з Аравіч – самай прыгожай вёскі Палесся, як гаварылі пра свой край мясцовыя жыхары. І ім нельга было не паверыць: на беразе ракі Прыпяць гэты населены пункт улетку з задавальненнем наведвалі нават з Кіева і Чарнобыля, каб адпачыць на залатым пясочку, атрымаць неверагодную асалоду ад фантастычнай рыбалкі.

Ды і самі аравічаўскія хоць кожны тыдзень маглі дабрацца да таго боку – набыць далікатэсаў, усяго патрэбнага ў Чарнобылі, які ў той час называлі горадам атамшчыкаў, дзе спажывецкая кааперацыя была на самым высокім узроўні.

Маладзенькая Людміла з юнацтва планавала быць педагогам – паспяхова закончыла ўніверсітэт імя Ф. Скарыны ў Гомелі і вярнулася на Хойнікшчыну маладым спецыялістам. Першыя крокі ў прафесіі яна пачынала ў Віцьеўскай школе, а пазней прадоўжыла працу ў першай гарадской школе.

Як паўтараюць усе сведкі падзей 1986-га, тая вясна выдалася надта спякотнай. Так-так, не цёплай, а менавіта гарачай. Таму неўзабаве палешукі радасна кінуліся займацца агародам, многія пачалі напрыканцы красавіка бульбу сажаць.

У школах тады актыўна рыхтаваліся да Першамая – і правялі свята надзвычай урачыста. Нават пачаўшыя пралятаць ваенныя верталёты не адмянілі падзею.

Літаральна на наступны дзень з бліжэйшых да ракі вёсак пачалі хутка эвакуіраваць людзей. З Аравіч хтосьці прыязджаў у Хойнікі да родных, астатніх везлі ў Судкова. Пра гэта ўжо маладой настаўніцы расказвала яе матуля Паліна Ігнацьеўна. А тут і бацькавы армейскі сябра, які разам з іншымі вадзіцелямі прыехаў са Светлагорска для эвакуацыі жыхароў вёскі, так і пацвердзіў: «Вам тут жыць больш нельга! З’язджаць трэба».

І сама Людміла Фёдараўна атрымала першае заданне: патрэбна было за адзін вечар абысці ўсе сем’і па адной замацаванай за педагогам вуліцы, каб папярэдзіць, якія рэчы дзецям варта браць у паездку. Гаворка ішла пра некалькі дзён, але раніцай прагноз кардынальна памяняўся.

– 4 мая мы з групай дзяцей адправіліся ў доўгае падарожжа, – дзеліцца няпростымі ўспамінамі мая гераіня. – Спачатку прыехалі ў школьны лагер «Клёнкі» пад Гомелем. Усё, что дзеткам далі з сабой падсілкавацца матулі, у лагеры забралі – маўляў, забруджанае, радыеактыўнае. Да і да нас адносіліся хаця і спрыяльна, але ж з вялікай асцярожнасцю – адсутнасць інфармацыі малявала ў людскіх фантазіях неверагодныя карціны. Цяпер і казаць нялоўка. Тады адзенне новае ўсім выдалі, бо асабістае магло мець «фон».

Праз месяц усіх перавезлі ў лагер «Сокал», што каля вёскі Лужасна Віцебскай вобласці – лета там цягнулася мокрае і халоднае. Ад таго і яшчэ больш сумна. І дзеці, і педагогі імкнуліся не парываць сувязь з роднымі, якія заставаліся на Хойнікшчыне. Адтуль прыходзілі невясёлыя сведкі: горад без дзіцячага смеху пераўтварыўся ў месца барацьбы з невядомым і нябачным ворагам. Абмежаванні і правілы датычылі літаральна ўсяго: знаходжання на вуліцы, рабочых абавязкаў. Але і ў той час было месца патрыятызму.

– Мой тата Фёдар Пятровіч і сам нарадзіўся і жыў толькі ў Аравічах, іншага месца ніколі не ўяўляў для сябе. Каб не ехаць далёка ад роднай зямлі, хаця і быў інжынерам, згаджаўся ў 1986-м на любыя ўмовы, каб заставацца побач. Ну а матуля не магла пакінуць любімага мужа, – працягвае Людміла Фёдараўна. – Бацька перажыў Чарнобыль, усвядоміў, якой велічыні і небяспекі здарылася з усімі намі бяда, але загадаў нам пахаваць яго ў Аравічах. Бацькаву волю мы выканалі.

У канцы жніўня настаўнікам у «Сокале» перадалі: можна збірацца дадому – арганізавалі прамы чыгуначны маршрут да Хойнік. Нашы землякі, дарослыя і малыя, да апошняга не верылі, што атрымаецца хаця б пабачыць такія любімыя куточкі. Чыгуначны састаў прыбываў на станцыю «Хойнікі» апоўначы. Калі хтосьці з праваднікоў сказаў, што засталося 10 хвілін да прыпынку, з усіх вагонаў крычалі «ура!»

А што рабілася на станцыі – і словамі не перадаць. Прыблізныя кадры можна бачыць у фільме «Ляцяць жураўлі», калі людзі радаваліся Вялікай Перамозе. Тое ж самае адчувалі і палешукі: мы перамаглі, а з астатнім абавязкова справімся.

Сапраўды, далей пачалася вялікая работа па пераадоленню наступстваў трагедыі, але не толькі. Варта было павышаць якасць ведаў пра радыяцыю, навучыцца жыць побач з небяспекай, перадаваць веды новым пакаленням. І ў гэту справу актыўна ўключылася сама Людміла Кулакоўская. Суправаджэнне вучняў на аздараўленне, адкрыццё цэнтраў радыелагічнай культуры ў школах, абмен досведам з замежнымі навукоўцамі – гэта толькі частка той вялізнай работы, пра якую наша зямлячка не імкнецца хваліцца. Але вынікі самі гавораць – прайшло 40 гадоў, а жыццё ідзе наперад!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *