На парадзе – з партрэтам Героя. Даведаліся, кім ганарацца землякі

Наши проекты

Стала прыемнай традыцыяй для беларусаў – не проста ганарыцца пакаленнем франтавікоў-пераможцаў, а берагчы іх імёны і несці партрэты разам з іншымі.

Хайнічане даўно далучыліся да ганаровай справы: з фотаздымкамі герояў Перамогі ідуць і дарослыя, і дзеці.

Зусім маладым пайшоў на фронт ураджэнец вёскі Вялікі Бор Дзмітрый Іванюценка, быў паранены, але прайшоў усю вайну і з гонарам прыехаў у родны край. Тут стварыў сям’ю, расціў дзяцей, дачакаўся ўнукаў. Цяпер яго ўнучка Ала Кузьменка з вялікай пашанай зберагае памяць пра дзядулю.

– Акцыя «Беларусь помніць» для мяне і маёй сям’і застаецца нечым сакральным: дзяды ваявалі, а маіх бабуль зусім маладзенькімі вывезлі фашысты ў Германію. Тады і родная вёска пакутавала ад агню нацыстаў. Сёння мы дэманструем самім сабе, што высока цэнім заслугі ўсяго пакалення пераможцаў і асабіста нашага дзеда. Дарэчы, медалі Дзмітрыя Фёдаравіча і сёння зберагае адзін з унукаў.

У шарэнзе які год запар ідзе лідар райкама прафсаюза работнікаў АПК Святлана Марчанка.

– Калісьці паставіла сабе мэту надрукаваць не проста партрэт майго Героя, але і аздобіць яго інфармацыяй. Яна пра майго дзядулю па лініі маці, якога так і не спазнала: пасля вайны ён рабіў у шахце ў Паўднёва-Сахалінску, дзе здарылася трагедыя. Але памяць пра танкіста Яфрэма Іванавіча Паніна, які адважна прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну ды яшчэ заспеў канец Другой Сусветнай вайны, застаецца ў памяці маіх родных. З вялікай пашанай іду разам з землякамі. І сёлета не адмоўлюся ад традыцыі.

Разам з калегамі з ТЦСАН крочыла з фотаздымкам Жанна Белая. На чорна-белай паперы – партрэт хайнічанкі Лідзіі Барысаўны Ходас, якая на фронце была сувязісткай.

– У руках несла здымак бабулі сваёй калегі Святланы Ляшчынскай. Справа ў тым, што ў маёй сям’і не захаваліся фота маіх родных, якія ваявалі на фронце і разам з усімі савецкімі людзьмі як маглі набліжалі Перамогу. Але ж так хацелася раздзяліць святочны момант – выручыла Света, у сям’і якой збераглі сведкі пра родных дзядулю і бабулю – мужа і жонку Аркадзія Арцёмавіча і Лідзію Барысаўну. Яны пазнаёміліся літаральна перад вайной, пранеслі праз фронт каханне адзін да аднаго і аб’ядналіся перад канцом Вялікай Айчыннай. Аркадзій Арцёмавіч сустрэў Перамогу ў Польшчы.

Акцыя «Беларусь помніць» прадугледжвае варыянт, калі людзі могуць выказаць павагу не толькі сваім родным, але і ўвогуле пераможцам. Такі выбар зрабілі ў сям’і Гледы Пархоменкі. Яе сыночак Саша, які зараз вучыцца ў другім класе сярэдняй школы № 3, скарыў хайнічан сваім святочным вобразам. Хлопчык нёс у руках партрэт знакамітага земляка – ураджэнца вёскі Клівы, радавога Васілія Сямёнавіча Гардзеенкі.

– На вялікі жаль, у нашай сям’і не знайшлі дадзеных пра сваіх франтавікоў. Але ж мы так хацелі стаць часцінкай маштабнай акцыі і разам з іншымі прайсці дарогу гонару ў знак памяці тых, кто заслужыў званне сапраўдных Пераможцаў. Таму мы надрукавалі партрэт свайго земляка. Я расказала сыночку пра нашага героя і ён з задавальненнем ішоў са мной у шэсці. Не паверыце, як спадабалася дзіцёнку ўдзельнічаць у такой падзеі ў Дзень Перамогі!

У ліку хайнічан несла партрэт любімай бабулі дырэктар Судкоўскай школы Любоў Коўзік.

– Ураджэнка Гомельшчыны, Вера Емельянаўна Давыдава ўсю вайну прайшла санітаркай. Не аднойчы выцягвала з поля бою параненых. За свае подзвігі заслужана ўзнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені. Але пра той трагічны перыяд сваёй маладосці ні дзецям, ні ўнукам не расказвала. Партрэт любімай Веры Емельянаўны мы прыносім штогод на святочнае шэсце ў Судкова і, вядома, у Хойнікі прывозім – бо ганарымся!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота з архіва раённай газеты.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *