Жанчына, якая ўвасабляе эпоху. «Зорка Венера» Ліліі Краўчанкі

К 100-летию образования Хойникского района Культура Людзі і лёсы

Ёсць людзі, чыя біяграфія чытаецца як захапляльны раман пра моцных духам асоб. А ёсць тыя, хто сам гэты раман піша – усё сваё жыццё, дзень за днём, насуперак абставінам і наўздакор часу. На наступным тыдні святкуе юбілей знакамітая жыхарка Хойніцкага раёна Лілія Краўчанка.
Для ўсіх, хто ведае нашу гераіню асабіста ці хаця б аднойчы бачыў яе выступленне, яна – самастойны сусвет. Чалавек, які не проста захоўвае літаратурныя, але і культурныя традыцыі Хойнікшчыны, а стварае іх сваім талентам, душой. Як трапна сказалі пра яе аднойчы калегі: «Сілу каранёў даў Мележ,
але росквіт і плады – сама хойніцкая зямля».

«Зорка Венера» і запаветная мара
Дзяцінства Ліля правяла, упітваючы мудрасць палескай зямлі. Вучылася ў Глінішчанскай, а затым у Дварышчанскай школах. Яна ўзначальвала штаб клуба «Пошук», скурпулёзна збіраючы па крупінках гісторыю роднага краю.

У чацвёртым класе дзяўчынка трапіла ў Гомель (гістрыя сапраўды заслугоўвае сцэнарыя), дзе яе накіравалі ў школу-інтэрнат з паглыбленым вывучэннем французскай мовы. З юнага ўзросту песціла свой талент да роднага слова, таму пасля выпускнога паміж лінгвістычным універсітэтам, журфакам і філфакам выбрала філалогію.

У прыёмнай камісіі Белдзяржуніверсітэту сядзеў сам Ніл Гілевіч. А насупраць – дзяўчынка з клану Мележа, таго самага, хто натхняў Гілевіча на творчасць. Але тады Лілія на выдала сваё паходжанне, а проста скарыла камісію сваімі бліскучымі адказамі. У фінале яшчэ і заспявала «Зорка Венера» Максіма Багдановіча.

Толькі калі прозвішча дзяўчынкі ўнеслі ў спіскі паступіўшых, вядомы пісьменнік заўважыў прозвішча.
«А вы маеце дачыненне да Івана Мележа?», – асцярожна пацікавіўся старшыня камісіі.
«Самае непасрэднае – пляменніца», – смела адказала суразмоўца.

Радыё і «тры кнігі ў стале»
У 1978 годзе Лілія з дыпломам філолага вярнулася ў родны раён. Здавалася б, наперадзе – спакойная настаўніцкая сцяжына (яна крыху паспела попрацаваць у першай гарадской школе). Але тэмперамент палескай бунтаркі патрабаваў прастору. Шлях завёў у рэдакцыю раённай газеты «Ленінскі сцяг», але спачатку на раённае радыё.
У 1981 годзе яна пайшла ў сферу культуры, а ў 1982-м трапіла ў Дом культуры «Меліяратар» – сёння Цэнтр культуры г. Хойнікі. Адкуль больш нікуды не пайшла.

Творчасць заўсёды была яе асабістым прытулкам і галоўным рухавіком. Вершы піша яшчэ з дзявятага класа. Калі спыталі яе пра літаратурныя планы, Лілія Уладзіміраўна толькі ўсміхнулася:
– Адна кніга ўжо ёсць, а ў стале яшчэ на тры!

150 дзён цішыні і стосы грамат
Але жыццё рэдка бывае чарнавіком без памылак. Некалькі гадоў таму лёс надаў выпрабаванне. У выніку – 150 дзён бальнічнага. Месяцы, выкрэсленыя з актыўнага жыцця.
Але Лілія Уладзіміраўна не з тых, хто здаецца. Гэтая хвароба не зламала яе, а толькі прымусіла вастрэй адчуваць каштоўнасць кожнага дня. У яе доме – сапраўдныя горы грамат, дыпломаў, падзяк.

Адна на ўвесь раён
Менавіты Лілія Краўчанка – па сёння пакуль адзіная на Хойнікшчыне, хто мае Ганаровы знак Міністэрства культуры Беларусі. У 1999 годзе гэта навіна стала нечаканасцю для жанчыны, але потым прыйшло ўсведамленне: сапраўды заслужыла, бо сваёй працавітасцю і любоўю да сцэны, а яшчэ мелодыкай мовы і пачуццём моманту скарае галоўнага суддзю сваёй творчасці – гледача.

Побач з ёй заўсёды была і застаецца яе галоўная апора – сям’я. Сын Аляксандр і дачка Марына. Гледзячы на іх, разумееш: карані, якія даў Мележ, далі магутныя парасткі.

Напярэдадні святочнага дня хочацца сказаць «дзякуй» Ліліі Уладзіміраўне. Дзякуй за тое, што яна – жывая нітка, яднаючая эпоху Мележа з нашым днём. Дзякуй за тое, што нават у самыя цяжкія «150 дзён» яна не пераставала верыць у святло. Няхай у стале чакаюць свайго часу тыя самыя тры кнігі, а моладзь, якую вы выхавалі, заўсёды вяртае вам вашу ж дабрыню і любоў.
Вы – жанчына, якая творыць эпоху. І ваша эпоха – цудоўная.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *