Блізіцца да завяршэння ўборачная кампанія. Але размах палявых работ не змяншаецца.
Збожжа сыплецца ў кузавы машын, колькасць тысячнікаў у раёне павялічваецца. Таму працягваюцца ўрачыстасці ў іх гонар.
На гэтым тыдні віншаванні прымаў Фёдар Канапелька, вадзіцель КСУП «Судкова», які перавёз звыш 1000 тон збожжа. Дыплом перадавіку жніва ўручыла першы намеснік старшыні райвыканкама Жанна Бажок, сельгаспрадпрыемства падзякавала падарункам.
Чарговы экіпаж-тысячнік віншавалі ў КСУП «Веляцін». Камбайнеры Аляксандр Новік і Мікалай Лысы атрымалі ад першага намесніка старшыні райвыканкама Жанны Бажок дыпломы, яна падзякавала за ўклад у агульны каравай, старанне, цярплівасць і настойлівасць. Сельгаспрадпрыемства заахвоціла тысячнікаў добрымі падарункамі. Музычны падарунак паднеслі хойніцкія артысты.
Дарэчы, КСУП «Веляцін» першым у раёне завяршыў уборку збожжавых культур. Сярэдняя ўраджайнасць у сельгаспрадпрыемстве 21 ц/га. Увогуле на 16 жніўня ў раёне было ўбрана 90,6% плошчаў.
Не толькі ў сваім раёне камбайнеры паказваюць добрыя вынікі, але і ў Калінкавіцкім, куды адправіліся на дапамогу. Два экіпажы КСУП «Судкова» шчыруюць у суседзяў. Набралі тысячу тон камбайнеры Алег Шлёг і Віктар Чудакоў, «падбіраецца» да тысячы маладзёжны экіпаж у складзе Мікалая Краўца і Аляксандра Сцішанка. Магчыма, пакуль нумар выйдзе ў друк, нашы рабяты перасягнуць мяжу ў тысячу тон намалочаннага збожжа. Чакаем!
Аднак адпачываць работнікам палёў пакуль рана. На чарзе – ўборка кукурузы, затым сяўба азімых пачнецца. Расслабляцца ніхто і не збіраецца, усе настроены на плённую і не менш адказную работу.
Вольга Белаш
Фота аўтара.