Справа ў задавальненне – вынікі на карысць

Наши проекты

«Працоўных рук не хапае», «трэба павышаць прэстыж рабочых прафесій», «недахоп высокакваліфікаваных рабочых кадраў» – на жаль, справы на рынку працы ідуць менавіта так.

У «постсавецкі» перыяд прэстыж рабочых спецыяльнасцяў рэзка ўпаў разам з узроўнем заробкаў. У апошні час сітуацыя паступова мяняецца, і кваліфікаваны слесар, зваршчык сёння неабходны. Бывае, што добрага спецыяліста адшукаць даволі складана. Мы вырашылі ў нашай рубрыцы «Чалавек працай слаўны» расказаць вам аб людзях рабочых прафесій.

Сядаючы ў ранішні аўтобус для паездкі на працу, мы нават не падазраём аб тым, колькі чалавек забяспечваюць нам камфортную паездку і своечасовае прыбыццё.

Несумненна, вадзіцель, які пры належнай кваліфікацыі, гарантуе бяспечную язду на ўсім шляху руху аўтобуса, кандуктар, які падае нам праязны дакумент. Але без тэхнічнага абслугоўвання аўтобус проста не выйдзе на маршрут. Дзякуючы адказнаму падыходу да сваёй справы і прафесіяналізму слесара 5-га разраду вытворчага ўчастка г. Хойнікі філіяла «Аўтобусны парк № 6» ААТ «Гомельаблаўтатранс» Івана Галезніка, хайнічане з камфортам ездзяць на грамадскім транспарце не толькі па раёне, але і за яго межамі.

«Тэхніка заўсёды патрабуе ўвагі. Як з машынай папрацуеш, так яна і паедзе. І днём, і ноччу могуць адбывацца розныя паломкі падчас руху, добра, калі іх можна вырашыць на месцы – падзяліўся Іван Галезнік. – Кожны дзень па ўсёй краіне сотні машын і аўтобусаў адпраўляюцца на рамонт. Самы цяжкі перыяд для нашай працы гэта, вядома ж, зіма. Тут і чалавечы фактар адыгрывае ролю, і ўплыў тэмпературных ваганняў на метал, і дарожнае пакрыццё. Узнікае высокая верагоднасць карозіі, з якой мы паспяхова змагаемся».

Пасля заканчэння прафесійнага ліцэя, Іван працаваў трактарыстам. А вось ужо шосты год займаецца рамонтам і абслугоўваннем аўтобусаў. Дзякуючы самааддачы і высокім паказчыкам працы, маладога, але працавітага слесара высока шануюць у калектыве.

«Бываюць і складаныя сітуацыі, калі без спецыяльных інструментаў не абыйсціся. Работа ідзе лёгка, калі яна прыносіць задавальненне і ўсеагульную карысць. Галоўнае – быць прафесіяналам у сваёй справе, тады і тэхніка не падводзіць, і людзі задаволеныя. Ніколі не ведаеш, якая няспраўнасць і да якіх наступстваў можа прывесці, таму неабходна своечасова праводзіць якаснае тэхнічнае абслугоўванне», – лічыць Іван Галезнік.

Нягледзячы на ўмовы надвор’я, транспарт аўтобуснага парка заўсёды знаходзіцца ў спраўным стане, бо, як тут лічаць, падрыхтоўку «жалезных коней» да халадоў неабходна пачынаць з лета, і зімой турбавацца патрэбна будзе меней.

Алег ЗУБОК. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *