У іх лексіконе няма слоў «далёка», «цяжка», «складана»
Сёння – трэцяя нядзеля лістапада. Мы адзначаем Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.
Свята гэта асаблівае. Таму што прысвечана асаблівым людзям. Сапраўдным гаспадарам, якія хварэюць за сваю зямлю і сваю справу.
Прызнацца, увесь гэты тыдзень я працавала з асаблівым натхненнем. Пабывала амаль ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна – рабіла гэтыя здымкі работнікаў і ў чарговы раз захаплялася імі. Я ўдзячна ўсім за прыемныя сустрэчы, шчырыя размовы і такія каштоўныя ўсмешкі.
Шмат можна распавядаць пра іх – вяскоўцаў. Пра тых, хто недасыпае падчас неадкладных сезонных клопатаў, хто працуе пад пякучым і бязлітасным сонцам, молячы Бога аб каштоўных кроплях вільгаці на пасевы. Хто світанкі і заходы сонейка сустракае на ферме. Хто проста і сціпла заўсёды, з году ў год, добра выконвае сваю сялянскую справу.
І такіх людзей у нашым раёне многа. У гэтай публікацыі толькі невялікая частка фатаграфій тых працаўнікоў сельскай гаспадаркі, у лексіконе якіх няма слоў «далёка», «цяжка», «складана». І не наракаюць яны на свой лёс. Так жывуць і, ведаеце, нават атрымліваюць ад гэтага асалоду.
Дзякуй вам. Шчырая падзяка за тое, што вы такія цудоўныя, такія працавітыя. Дзякуй усім, хто абраў нялёгкі шлях пад назвай «сельская гаспадарка».
Фотарэпартаж Наталлі РЭВЯКА.