Маленькую, але вельмі важную справу зрабілі
Захаваць гісторыю, не даць яе перапісаць і не дазволіць навязаць скажоныя факты маладому пакаленню – наш агульны святы абавязак.
У імя тых, хто цаной жыцця здабываў нам мірнае неба і незалежную краіну. Гэта наша гісторыя і наша памяць, якую асцярожна захоўваем у апавяданнях, дакументах, фотаздымках, помніках і абелісках. Набліжаецца сумная гадавіна ў гісторыі вайны – 22 сакавіка, калі ў 1943 годзе Хатынь стала не проста месцам трагедыі, а страшным сімвалам, нібы ўвабрала ў сябе ўсю боль беларусаў.
На гэтым тыдні па ўсёй краіне праходзіць маштабная патрыятычная акцыя «Мы памятаем!» па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні такіх мемарыялаў. Далучылася да яе і Хойнікшчына. Працоўны дэсант навёў парадак на памятным месцы спаленай вёскі Алексічы, якая раздзяліла страшны лёс Хатыні. У магіле ахвяр фашызму пахавана 366 мірных жыхароў.
Прывядзенне ў парадак абеліскаў – гэта даніна памяці і ўдзячнасці героям, якія падарылі нам чыстае неба і жыццё. Каб памяталі – страшныя гады і не менш страшныя лічбы – звыш 9 тысяч вёсак было разбурана акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 186 вёсак Беларусі так і не змаглі адрадзіцца. Яны разам з жыхарамі сталі попелам…
Завершыцца рэспубліканская акцыя ў Хатыні. У дзень смутку – 22 сакавіка.
Алена СМУСЯНОК.
Фота аўтара.