27 сакавіка на Гомельшчыне пройдзе абласны суботнік.
Заробленыя сродкі накіруюць на рэканструкцыю мемарыяла «Партызанская крынічка», які знаходзіцца ў 11 кіламетрах ад абласнога цэнтра на месцы базіравання партызанскага атрада «Бальшавік». Мы пацікавіліся ў хайнічан, як яны ставяцца да гэтай ідэі.
– Безумоўна, мы ўсе разам зробім важную справу, якая застанецца ў народнай памяці. Наведваючы праз гады мемарыял, нашы ўнукі і праўнукі змогуць прачуць, што вайна – гэта не толькі даты. Гэта, у першую чаргу, чалавечыя жыцці, мільёны нявінных ахвяр фашызму. Мемарыяльны комплекс павінен знаходзіцца ў ідэальным стане.
– «Партызанская крынічка» – гэта аб’ект гістарычнай памяці, сімвал мужнасці партызан і падпольшчыкаў, якія змагаліся ў тыле ворага. Яго рэканструкцыя ў Год народнага адзінства стане яшчэ адной добрай справай, якая аб’яднае беларусаў. Так што ідэю правядзення абласнога суботніка я цалкам падтрымліваю.
– Згадзіцеся, што акрамя добраўпарадкавання, мы, па сутнасці, будзем удзельнічаць у дабрачыннай акцыі, мэта якой аднавіць значны аб’ект для кожнага і для ўсёй краіны ў цэлым. Наводзіць парадак у такіх памятных месцах – добрая і патрэбная справа. Пасля рэканструкцыі «Партызанскай крынічкі» абавязкова там пабываю.
– Аднавіць мемарыял – годная справа. Лічу, што «Партызанская крынічка» – аб’ект, які трэба наведваць усім, ад малога да вялікага, каб аддаваць даніну павагі героям, якія змагаліся ў тыле ворага. Ён нагадвае нам пра тое, якой цаной нашы дзяды заваявалі свабоду, колькі людзей загінула.
Апытвала Алена СМУСЯНОК.