У Мінску прайшоў Рэспубліканскі педагагічны савет.
У пленарным пасяджэнні прыняў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, які пазначыў ключавыя моманты перазагрузкі сістэмы адукацыі. У ліку ўдзельнікаў маштабнага педагагічнага форуму былі і прадстаўнікі Хойнікшчыны, якія падзяліліся з намі сваімі ўражаннямі і думкамі.
Людміла Тупіца, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама:
– Педагагічны савет прайшоў вельмі плённа. Былі абмеркаваны актуальныя пытанні сістэмы адукацыі, адзначаны ключавыя моманты яе далейшага развіцця.
Было вельмі прыемна пачуць з вуснаў Прэзідэнта Беларусі аб тым, што будучы год плануецца прысвяціць адукацыі. Гэта паказвае стаўленне да сістэмы адукацыі ў цэлым і да педагогаў у прыватнасці.
Таксама прагучала нямала цікавых ідэй і прапаноў ад выступаючых. Напрыклад, аб сістэме арганізацыі экскурсій школьнікаў па памятных месцах.
Марына Татарнікава, настаўнік гімназіі г. Хойнікі:
– Уразіла сама атмасфера Рэспубліканскага педсавета. Прадстаўнікі розных рэгіёнаў размаўлялі, дзяліліся вопытам і карыснымі напрацоўкамі. Імпануе, што рэфармаванне сістэмы адукацыі пройдзе плаўна, прычым будуць захаваны лепшыя традыцыі савецкай школы. Дзяржаўная падтрымка, роўны доступ да адукацыі – усё гэта застанецца непарушным.
На педсавеце абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з ваенна-патрыятычным выхаваннем, увядзеннем новых прадметаў у школах і ВНУ, сістэмай ацэньвання ведаў вучняў, увядзеннем у 2023 годзе адзінага нацыянальнага экзамена і г.д. У цэлым, былі разгледжаны найбольш важныя пытанні сённяшняй сістэмы адукацыі, выслуханы меркаванні спецыялістаў і агучаны планы і перспектывы на будучае.
Людміла Каротчыкава, настаўнік СШ № 3 г. Хойнікі:
– Рэспубліканскі педагагічны савет – гэта вялікая дыялогавая пляцоўка для прадстаўнікоў усёй сістэмы адукацыі краіны. Асаблівую значнасць гэтаму мерапрыемству, безумоўна, надае асабісты ўдзел у ім кіраўніка дзяржавы. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што Прэзідэнт вялікую ўвагу надае пытанням адукацыі.
Вельмі насычанымі былі гэтыя два дні. Падведзены вынікі работы і намечаны напрамкі на новы навучальны год. Было вельмі цікава паслухаць аб перадавым вопыце людзей нашай прафесіі і асабіста пагутарыць з імі. Усё было арганізавана на вышэйшым узроўні, і цяпер я яшчэ больш зараджана матывацыяй працаваць.
Запісала Наталля РЭВЯКА.