Ад бліжэйшай вёскі Каранёўкі ехаць сюды дзесьці кіламетраў сем. Па гравійцы, а затым па пясчанай дарозе.
У Маклішчах раней было 60 дамоў, а зараз застаўся адзін – тут жыве сям’я з трох чалавек.
Аглядаюся. Калодзеж у агародзе ёсць, значыць без вады жыхары не прападуць. Жартую канешне. Бачу, у двары нехта пораецца. Чыгуны з бульбай і гарбузамі нарэзала на сёння свінням бабуля Вольга Іванаўна Пархоменка. Ёй 87 гадоў. Хутка ежу збіраецца «адправіць» у распаленую печку. Таксама семкі плануе падсушыць для хлопцаў. Увечары магчыма будзе ўчыняць кіслыя аладкі ці булкі.
– Вось газета ў госці прыехала. Як у Вас справы?
– У нас усё добра, донька. Тупаем паціху. Сын мой з Хойнік хацеў забраць да сябе многа разоў. Але як я кіну сваю родную хату ў Маклішчах? Я змалку тут жыву. Навошта мне адсюль з’язжаць, не разумею. Адно толькі пагана – суседзяў няма, і пагаварыць няма амаль з кім. Добра хоць са мной яшчэ сын Віця жыве, ды пляменнік Іван. Ёсць да каго абмовіцца.
Гаспадарка тут, скажу я вам, ладная. Сумаваць вяскоўцам не прыходзіцца. Прыгожы конь Буян пасвіцца каля двара, ён ім дапамагае зямлю апрацоўваць. Курэй штук 10 грабуцца. А катоў колькі багата, паспявай толькі малака наліваць. Сядзім мы на лавачцы з бабуляй, козачкі да нас падбягаюць. Адну клічуць Малышкай, другую – Марусяй.
Вось ужо на зіму сям’я дроў назапасіла. Бачу ляжаць акуратна складзеныя на вуліцы. Гавораць, што ў лясніцтве выпісалі.
– Звяроў тут дзікіх ніякіх не водзіцца? – пытаюся ўжо ў Віктара.
– Ваўкі бегаюць, аднак нас яны абходзяць бокам. Да мы іх і не баімся.
– У горад як дабіраецеся?, – працягваю размову.
– Ці рэйсавым аўтобусам, які ходзіць толькі па серадам, або сам за рулём на мапедзе. Год назад купіў сабе транспарт. Вось заўтра па таблеткі паеду ў райцэнтр, потым на базар, ды ў госці да брата завітаю.
– А на вазу куды катаецеся?
– Рэдка ў Глінішчанскую амбулаторыю з маці можам праехаць. Не ўвесь жа час выклікаць на дом урача. Нядаўна ў паліклініцы мама ляжала, хварэла… Добра, што акрыяла.
Навіны маклішчукі слухаюць па тэлевізару. Па дамашнім тэлефоне размаўляюць з роднымі. Раз на тыдзень курсіруе магазін «Еўраопт», і «бусік» з Калінкавіч часам наведваецца. Запасаюцца прадуктамі, каб хапіла надоўга. Больш купляюць хлеб, каўбасу, масла, смятану, макароны. Свінням камбікорм бяруць.
Вольга Іванаўна ведае, што пандэмія ходзіць.
– У нас у Маклішчах каранавірусу няма. З Мінска сюды да нас прыязджалі вучоныя, паветра правяралі. Дык сказалі, што да нас трэба з гарадоў людзей вазіць. Каб яны дыхалі тут свежым паветрам.
Развітваюся з маклішчукамі. Выхожу я з двара і ў чарговы раз разумею, што вясковыя людзі нейкія асаблівыя, шчырыя і вясёлыя нягледзячы на розныя абставіны. Вось так трэба жыць.
Вікторыя МАРОЗ.
Фота аўтара.