Зрэдку даводзіцца заказваць у знаёмых хатніх кандытараў наш знакаміты мясцовы брэнд – печыва «Грыбкі па-хойніцкі».
Аднойчы вазіла ў якасці салодкага сувеніра на вяселле сяброўкі, яшчэ раз набывала 2 кілаграмы для роднай цёткі з Расіі. Можа і зараз бы набыла для дзіцяці, але ж дзе?
Калісьці было прасцей: раз-пораз бачыла грыбочкі ў продажы. Але часцей усё ж патрэбна было заказваць. І тое – праз аб’яву ў сацыяльных сетках. Але ад знаёмых стала чуць скаргі, што не так проста знайсці сёння гэты брэндавы дэсерт. Праўда, знянацку грыбочкі не купіш. А што ж рабіць увогуле турысту альбо госцю?
Гэта заклік нашым кандытарам: людзі добрыя, выходзьце з ценю, не саромейцеся рэкламаваць свае ўменні і вырабы, калі ласка. Тым больш, што такія смачныя і арыгінальныя падарункі ў выглядзе кошыка з салодкімі грыбкамі любы захоча набыць.
Як жа так: кліентам даводзіцца заахвочваць прадпрымальнікаў грошы зарабляць!
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота Алены СМУСЯНОК.