Яго чын – лесавод

Тэрыторыя моладзі

ГарбарукМара ўзнікае ў дзяцінстве. Кім толькі не жадае быць у гэтым цудоўным узросце чалавек! Свет яго захапленняў надзвычай шырокі і разнастайны. Яму то сніцца бяздонны блакіт неба, куды хочацца ўзняцца на крылатай птушцы, то мроіцца сінява бязмежных вод, якія пераадольваеш на акіянскім лайнеры, то адольвае жаданне стаць вынаходнікам, каб канструяваць незвычайныя машыны, ці хірургам, які робіць аперацыі, выратоўвае людзям жыццё… З часам усё гэта праходзіць, летуценнасць знікае. Застаецца адно, у некаторай ступені ўжо выверанае, больш свядома ўзважанае і асэнсаванае. Іншымі словамі, вызначаецца асноўны напрамак у выбары будучай прафесіі.

У свой час Іван Гарбарук, ляснічы Паселіцкага лясніцтва ДЛГУ «Хойніцкі лясгас», не стаяў на раздарожжы. Ён, ураджэнец вёскі Бездзерж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці, акружанай лясамі, кожным летам у дзяцінстве хадзіў з сябрамі па ягады і грыбы і ўжо тады дапускаў, што ў будучым яго прафесія будзе звязана з лесам. Дзеля гэтага настойліва, крок за крокам, набываў адпаведную адукацыю. Пасля заканчэння школы падаў дакументы на біялагічны факультэт ГДУ імя Ф. Скарыны па спецыяльнасці «інжынер лясной гаспадаркі». Няўдача пры паступленні не паўплывала на прафесійны выбар юнака, і ён паступіў у Барысаўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лясной гаспадаркі. Вучыўся тут выдатна, займаўся даследчай работай, за выкананне экалагічнага праекта быў удастоены Прэзідэнцкай прэміі. Наступнай прыступкай да авалодання прафесіі была вучоба ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце на лесагаспадарчым факультэце па мэтаваму накіраванню ад Хойніцкага лясгаса, куды прыбыў чатыры гады назад у якасці маладога спецыяліста. Першыя 10 месяцаў з’яўляўся памочнікам ляснічага, а затым узначаліў калектыў Паселіцкага лясніцтва, гэтае вытворчае падраздзяленне зараз лічыцца адным з лепшых у лясгасе.

Іван Канстанцінавіч Гарбарук стварыў вельмі прафесійны калектыў з 20 чалавек, з якім працаваць лёгка і цікава. Тут сапраўдны сплаў вопыту, традыцый старэйшага пакалення і энергіі, здаровага максімалізму маладых кадраў. Угоддзі лясніцтва размешчаны на плошчы 5609 гектараў, у яго саставе два майстарскія ўчасткі, 5 абходаў. Асаблівую ўвагу работнікі лясніцтва ўдзяляюць галоўнаму пытанню – лесааднаўленню, ахове лясных багаццяў, клапоцяцца аб эфектыўнасці вытворчасці, выкананні паказчыкаў эканоміі і якасці.

Малады ляснічы – не толькі здольны кіраўнік дружнага і згуртаванага калектыву, ён вызначаецца вялікай актыўнасцю ў грамадскім жыцці. З’яўляецца капітанам каманды Хойніцкага раёна, лясгаса і Гомельскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання па валейболу. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле валейбалісты лясгаса займаюць прызавыя месцы ў абласной спартакіядзе работнікаў лесу, у саставе каманды ВЛГА прымаюць удзел у аналагічнай рэспубліканскай спартакіядзе. Чатыры гады запар Іван Гарбарук узнагароджваецца Ганаровымі граматамі Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь за высокія спартыўныя дасягненні.
Абранне дэпутатам Хойніцкага раённага Савета дэпутатаў па Веляцінскай выбарчай акрузе № 35, дэпутатам Паселіцкага сельскага Савета – яшчэ адно важкае сведчанне актыўнасці ляснічага. Ён не абмяжоўваецца вырашэннямі надзённых пытанняў сваіх выбаршчыкаў, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу кожнаму чалавеку. Так, прыняў асабісты ўдзел у лёсе неспрыяльнай сям’і Малых з г. Хойнікі, чые дзеці-двайняты выхоўваліся ў Рэчыцкім дзіцячым доме. Даведаўшыся, што бацька дзяцей здольны трактарыст-тралёўшчык, «пераманіў» яго на працу ў лясніцтва з прыватнай фірмы. Не раз і не два разам з намеснікам дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Г.М. Рабінкінай наведвалі сям’ю на даму, змаглі прымусіць мужа і жонку расстацца са спіртным. Тыя ўзяліся за розум, захацелі вярнуць дзяцей дамоў. На гэтым няпростым шляху І.К. Гарбарук аказваў ім усямерную асабістую дапамогу. У прыватнасці, на сваёй аўтамашыне вазіў у Рэчыцу работнікаў апекі і папячыцельства, бацькоў на пасяджэнне суда. Там жа выступаў сведкай па гэтаму пытанню. Сына і дачку вярнулі, яны працягваюць вучобу ў трэцяй гарадской сярэдняй школе. А зусім нядаўна дапамог у працаўладкаванні дворнікам у Веляцінскі дзіцячы сад і маці дзяцей. Ужо толькі гэты прыведзены прыклад сведчыць аб тым, што Іван Канстанцінавіч Гарбарук – чалавек шчырай душы, добры і сардэчны.

Сёння ён ніколькі не шкадуе, што звязаў сваё прафесійнае жыццё з лясной справай. Выберы ў той час іншую спецыяльнасць, хто ведае, сустрэў бы ён сваё шчасце ў асобе жонкі Жанны, якая, да слова, з’яўляецца майстрам у лясгасе. Зараз яна знаходзіцца ў водпуску па выхаванню дачкі Валерыі, якой паўтара года споўнілася. Як адзначае Іван Канстанцінавіч, ён вельмі кахае сваю жонку, ім добра разам і дома, і на рабоце, кожную вольную хвілінку прысвячае дачушцы.
Яшчэ адна знамянальная прафесійная падзея адбылася для І.К. Гарбарука нядаўна – 1 мая на раённым злёце пераможцаў раённага спаборніцтва за 2014 год яго ўшаноўвалі як лепшага работніка сярод моладзі: уручана Ганаровая грамата раённага выканаўчага камітэта, партрэт ляснічага занесены на раённую Дошку гонару.

Іван Канстанцінавіч Гарбарук – узор адказнасці і старання. Хочацца верыць, што той пазітыў, які дорыць 27-гадоваму лесаводу работа, будзе суправаджаць яго на працягу ўсёй прафесійнай дзейнасці.

Клаўдзія Босак.
Фота Алеcі Ячычэнка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *