«Сваю работу ні на якую іншую не прамяняем!»

Сельское хозяйство

IMG_8230Такіх пазітыўных людзей, як гэтыя дзве жанчыны на здымках, яшчэ трэба пашукаць. «У нас усё цудоўна! Заўжды з добрым настроем ідзём на работу, бо яна нам вельмі падабаецца. Ні на што нашу справу не прамяняем! – гавораць цялятніцы і дадаюць: – Гэта мы не для газеты, так бы мовіць, чырвонага слоўца, а шчыра!»

Ларыса Гарбар працуе на Храпкаўскай ферме год, а Галіна Качан – паўтара года. Руплівыя жанчыны амаль усё жыццё ў «Аравічах», абедзве змянілі некалькі рабочых спецыяльнасцей і вось нарэшце знайшлі тую, якая па душы. У першай – 170 цялят ва ўзросце ад трох да шасці месяцаў, у другой – 195 гадаванцаў ад шасці да дзесяці месяцаў.
У хлявах гэтых старанных работніц заўсёды парадак: вадзічка наліта, кармавы стол чысценькі, свежая салома падаслана. А інакш жанчыны проста не могуць, калі робяць – то на сумленне. Таму і не маюць ніколі нараканняў з боку кіраўніцтва, наадварот часта чуюць у свой адрас словы пахвалы. Цялятніцы ў сваю чаргу папрасілі напісаць, што ў іх выдатны дырэктар – Аляксей Аляксандравіч Кліменка. Часта бывае на ферме, цікавіцца іх справамі, дапамагае ў вырашэнні ўзнікаючых пытанняў.

Дарэчы, тут увесь калектыў вельмі дружны. Быў выпадак, калі Ларыса Гарбар лячылася ў бальніцы, а калегі ў час перапынку пазванілі ёй і праспявалі ў тэлефон песню для ўзняцця настрою. Згадзіцеся, гэта яскравае сведчанне добрай атмасферы ў калектыве, што таксама немалаважна. Яны дапамагаюць адзін аднаму, частуюць прысмакамі і дарамі прыроды. Да прыкладу, у той дзень, калі я была на ферме, адна з жанчын прынесла калегам абрыкосы.

IMG_8235Галіна Качан і Ларыса Гарбар жывуць у вёсцы Віць. Штодзень дабіраюцца на работу на веласіпедах, пераадольваючы шлях у дзесяць кіламетраў (гэта туды і назад). Зімой арганізуецца падвоз службовым транспартам. «Нам ужо звычна так дабірацца, тым больш, што для здароўя карысна», – усміхаючыся, зазначаюць жанчыны.

Пытаюся ў іх, як паспяваюць спраўляцца з хатнімі справамі, бо шмат жа часу праводзяць на ферме, а аптымістычныя цялятніцы гавораць: «Як усе! Цяпер жа прасцей: пральныя машыны ёсць, у магазінах усяго хапае…». Да прыкладу, у Галіны трое дзяцей і столькі ж унукаў, яна часта балуе іх рознымі смачнымі стравамі.
Гэтыя вельмі добразычлівыя і сціплыя жанчыны прасілі многа пра іх не пісаць.Але колькі б газетных радкоў не атрымалася, даглядчыцы заслугоўваюць самых лепшых кампліментаў.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *