Шырхан Мусаеў — чэмпіён Беларусі!

Спорт

Так бывае ў вялікім спорце: малады атлет падае вялікія надзеі, удала выступае ў шматлікіх спаборніцтвах, прымнажае сваю калекцыю прызоў і ўзнагарод. Аднак потым непазбежна надыходзіць спад, бо нельга ўвесь час трымацца на грэбні хвалі. У гэты момант вельмі важна падтрымаць чалавека, не пакінуць яго сам-насам з цяжкасцямі і праблемамі, якія часцей за ўсё крыюцца ў сферы псіхалогіі. На жаль, так адбываецца не заўсёды, і маладыя, таленавітыя спартсмены спыняюць актыўныя трэніроўкі, назаўсёды пакідаючы вялікі спорт.

Такія ж жыццёвыя і спартыўныя калізіі ў мінулым годзе выпалі і на долю нашага земляка – дзюдаіста Шырхана Мусаева (на здымку справа). Пасля шэрага праблемных стартаў ён пакінуў Гомельскае рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву і падтрымліваў сябе ў тонусе толькі трэніроўкамі  ў зале барацьбы Хойніцкай СДЮШАР. Працаваў у кантакце з першым трэнерам Алегам Маратавічам Лук’яненкам (на здымку злева). Менавіта настаўнік пераканаў спартсмена пасля доўгага перапынку прыняць удзел у адкрытым першыстве краіны сярод юніёраў, якое прайшло ў апошнія дні сакавіка ў Гомельскім лёгкаатлетычным манежы.

Вяртанне на татамі стала трыумфальным для нашага земляка. У вагавой катэгорыі да 73 кілаграмаў Шырхан атрымаў перамогі ва ўсіх паядынках і заслужана стаў чэмпіёнам Беларусі. Больш таго, яму было прысвоена званне “Майстар спорту Рэспублікі Беларусь”, а ў дадатак да майстарскага пасведчання хайнічанін атрымаў крыштальны кубак, залаты медаль і дыплом пераможцы. Не застаўся без узнагароды і трэнер спартсмена: А.М. Лук’яненка заахвочаны дыпломам Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, а таксама медалём за падрыхтоўку чэмпіёна краіны. Такім чынам чарговае жыццёвае пацвярджэнне атрымала народная мудрасць: цярпенне і праца любыя горы звернуць.

Зараз Шырхан трапіў у абойму кандыдатаў у нацыянальную зборную краіны, якая прыме ўдзел у чэмпіянаце Еўропы. Усе яны паспаборнічаюць у шэрагу рэйтынгавых міжнародных турніраў, і па іх выніках будзе канчаткова сфарміравана зборная Беларусі. Удачы!


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *