Тутэйшыя: хаты бацькоў не прадаюць у Акцябры — тут чысценька, як на карціначцы

Тутэйшыя

Наша Хойнікшчына багатая на добрых людзей. У гэтым лёгка ўпэўніцца, проста праехаўшы па вёсках.

Вось і цяпер, пасля візіту ў пасёлак Акцябр, у чарговы раз давяла вядомы факт.

Па традыцыі нашай рубрыкі дамовілася з мясцовай упаўнаважанай. Гэта важны чалавек ў кожнай вёсцы: любыя пытанні да адміністрацыі сельсавета і вышэй можна адрасаваць менавіта яму, каб пазней атрымаць кампетэнтны адказ. У Акцябры гэтыя функцыі выконвае Ніна Міхайлаўна Радзюшка. Яна з адказнасцю адгукваецца на патрэбы землякоў, дэтальна разбіраецца з актуальнымі пытаннямі. Людзі гэта добра ведаюць.

Яна гасцінна запрасіла да сябе ў госці, расказала пра сваю сям’ю і любімы куточак у раёне. Вядома, гэта сам пасёлак.

Акцябр – невялічкі населены пункт. Тут сёння жыве крыху больш за 30 чалавек. Улетку прыязджае прыкладна столькі ж – людзі любяць Акцябр за адносную блізкасць да раённага цэнтра ды і бліжэйшая вёска Карчовае тут жа – только поле перайсці трэба.

Як успамінае Ніна Міхайлаўна, у час яе дзяцінства пасёлак і асобнай вёскай не называлі – частка Карчовага ды ўсё. Дзеці адтуль хадзілі ў Карчоўскую васьмігодку, а старэйшыя класы наведвалі ў Хойніках. У любое надвор’е школьнікі топалі больш за 5 кіламетраў за новымі ведамі. У маразы нават бліжэй атрымоўвалася – напрамкі цераз поле ішлі.

Пакуль мая суразмоўца ўспамінае мінулае, ідзем да суседак знаёміцца. Дарэчы, адзіную вуліцу пасёлка – два гады назад ёй далі назву Палеская – Ніна Міхайлаўна звыкла шпарка праязджаць на веласіпедзе: калі суседзяў папярэдзіць трэба ці передаць паведамленне якое. Транспарт – падарунак старшага брата. Калі жанчына пайшла на пенсію, адпрацаваўшы на Карчоўскай ферме, родзіч і прывёз на памяць пра новы этап у жыцці веласіпед.

Першай да нас выходзіць Клаўдзія Афрамееўна Бяляй – аднакласніца Ніны Міхайлаўны. Яны тут усіх ведаюць, знаёмыя і з новымі жыхарамі. Не так даўно тут сталі набываць домаўладанні хайнічане – дзеля дачы. Прыязджаюць, калі пачынаецца садова-агародны сезон. Людзі ўсе ветлівыя, да традыцый вёскі лёгка звыкаюць. Ніхто не спрачаецца, калі Ніна Міхайлаўна нагадвае навесці парадак каля хаты і падтрымліваць там чысціню.

Хутка знаёмлюся яшчэ з адной прыемнай жанчынай – Вольгай Мікалаеўнай Шматко. Гэта шматдзетная маці – выхавала васьмёра дзяцей. Яна з усмешкай пазіруе каля калодзежа. Але ж доўга ў гаспадыні не пабылі, пайшлі далей.

Самым вясёлым атрымалася знаёмства з мужам і жонкай Барашка. Гэта Алена Ціханаўна і Пётр Сідаравіч. Такая пазітыўная пара! Жанчына тут нарадзілася і вырасла, потым пазнаёмілася з мужам (ён з Пінскага раёна родам) і разам паехалі на Поўнач – на заробкі. Пражылі ў Іркуцкай вобласці, але марылі, што на пенсіі вернуцца на малую радзіму. І планы свае здзейснілі. Прыехалі жыць у бацькоўскую хату. Пётр Сідаравіч на нейкі час ездзіць да сваіх родных мясцінаў, а вось Алена Ціханаўна тут і застаецца. У сям’і гаспадарка: парсючкоў гадуюць ды курачак, агарод саджаюць. Словам, у ладзе ды згодзе жывуць, не сумуюць.

І Ніна Міхалаўна таксама ў бацькоўскай хаце жыве. Хіба што адрамантавала яе пад свае патрэбы, стварыла камфорт, таксама займаецца агародам. Дзеці і родныя часта прыязджаюць да яе ў госці. Не забываюцца тут і на прастольнае свята. У Акцябры гэта Мікола Летні – 22 мая. Ніна Міхайлаўна гатуе тады традыцыйныя стравы ў хатняй печы – галубцы, боршч, мяса з бульбай – і чакае родных. Яны збіраюцца ўвечары за вулічным сталом, смачна ядзяць і гучна спяваюць. Старшы брат бярэцца за гармонік, дочкі прыносяць з хаты бубен – ох і свята ў Акцябры!

Напрыканцы нашай кароткай вандроўкі стала разумець, чаму тут людзі выбіраюць жыць. Так хораша і спакойна на душы. І людзі сардэчныя. Няхай іх шчасце не пакідае!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *