Тутэйшыя: ад ветлівасці цёпла на душы — тут Асінаўка на Юбілейнай і свой шлях

Тутэйшыя

Менавіта на шляху мы і сустракаемся з упаўнаважанай вёскі Слабажанка Верай Мікалаеўнай Сянько.

Знаёмая з гэтай заўжды ветлівай і сціплай жанчынай даўно – только добрае пра яе ведаю. Нядзіўна, што такому адказнаму і ва ўсіх адносінах станоўчаму чалавеку даверана важная адміністратыўная функцыя: менавіта праз упаўнаважанага кожны тутэйшы можа адрасаваць пытанне наконт добраўпарадкавання населенага пункта ці ўвогуле па асабістай праблеме звярнуцца. Мой праваднік родам з Хвойнага, таму малой радзімай называе абедзьве вёскі. Адну з вуліц Вера Мікалаеўна называе Асінаўка, якая ў сучаснасці стала вуліцай Юбілейнай. Ды і сама вёска яшчэ паўстагоддзя назад мела імя Княжыцкая слабада ў гонар «вольнай», што даў рускі князь мясцовым.

Шляхам у Слабажанцы называюць цэнтральную дарогу – трасу, якая вядзе да мяжы раёна ў напрамку Калінкавічаў.

Знаёмімся яшчэ з адной тутэйшай – Тамарай Сяргееўнай Казлоўскай. Ураджэнка Небытава, яна з 1972 года жыве тут. Увесь час працавала ў мясцовай школе, памятае кожнага яе вучня. Менавіта Тамара Сяргееўна падзялілася ўспамінамі: на прастольныя святы – у Слабажанцы іх два і абодва Міколы – летні (22 мая) і зімні (19 снежня) – вясковыя вуліцы напаўняліся вясёлым гоманам. У госці адзін да аднаго хадзілі суседзі, прыязджалі родныя. На 9 Мая таксама вёскай ішлі да помніка ахвярам вайны, каб ускласці жывыя кветкі. Успамінаюць тут і героя Вялікай Айчыннай вайны – камандзіра танкавага ўзвода Уладзіміра Калесніка. Яго імем названа вуліца ў Слабажанцы і ў Хойніках. Гэта легендарны афіцэр, які ўдзельнічаў у вызваленні Хойнікшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Сёння ў вёсцы пражывае каля 200 чалавек. Тут ёсць ФАП, працуе пошта, клуб, бібліятэка і дзіцячы сад. Месца гэта надзвычай цікавае: тут захоўваюць рарытэтныя рэчы – беларускі посуд, прылады працы і нават мадэлі савецкай школьнай формы.

Жыхары задаволены работай паштовага аддзялення: працуе кожны дзень, акрамя выхадных, ёсць вялікі асартымент тавараў і можна замаўляць па выгадных цэнах. Паштальён даставіць неабходнае. Вельмі зручна.

Наступнай нашай суразмоўцай стала Алена Адамаўна Касцючэнка. Жанчына таксама даўно жыве ў Слабажанцы, хаця родам з Партызанскай. З 1981 года называе сябе тутэйшай. Тут нарадзіла траіх дзяцей. Больш за 35 гадоў працавала настаўніцай.

У працэсе гутаркі добра адгукваліся жанчыны пра сваю зямлячку Юлію Іванаўну Юшчанка, якая доўгі час працавала загадчыцай мясцовага клуба. Дома гэту вядомую паляшучку мы не сустрэлі. Але ў гэты тэкст яна абавязкова трапіла: доўгі час арганізоўвала надта добрыя святы і мерапрыемствы, па сёння ў Слабажанцы ёй за гэта дзякуюць.

Пакуль гаманілі, дайшлі да важнага месца ў вёсцы – гандлёвай пляцоўкі. Хутка чакалі аўталаўку, мясцовыя сабраліся ў чаргу. Сярод жыхароў і жыхарка вёскі Аляксандра Канстанцінаўна Кірусенка.

– Я тут нарадзілася і жыву ўвесь час. Да пенсіі поварам працавала ў саўгаснай сталовай. Вы ж хіба не пішыце пра мяне многа. Я сціплая.

На тым з Канстанцінаўнай і развіталіся. Усе, з кім давялося пазнаёміцца ў час вандроўкі па Слабажанцы, запомніліся той непаўторнай беларускай сціпласцю і неверагоднай душэўнай цеплынёй. Нават вясновае зменлівае надвор’е не пашкодзіла гэтага ўражання.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *