Тутэйшыя. У Рабец – абавязкова: тут дышыцца мёдам, ліпай і ажынамі

Тутэйшыя

Некалькі дзён знаходжуся пад пазітыўным уражаннем ад вандроўкі ў вёску Рабец.

Натхненнем для невялічкай мясцовай камандыроўкі сталі цікавыя гістарычныя факты пра гэты населены пункт. Пра іх стандартна даведалася ў інтэрнэце.

Высветліла, што фальварак Рабец калісьці належыў Феліксу Лаўрыновічу, а сама назва вёскі ідзе ад аднайменнай рэчкі. Пасёлак заснаваны ў ХХ стагоддзі, літаральна 100 гадоў назад. Нават прыводзіцца ў прыклад ліст ад бацькі Івану Мележу, дзе Павел Фёдаравіч паведамляе, што пасля землеўпарадкавання ў Алексічах зрабілі яшчэ дзве вёскі: Рабец і Дуброву.

І хаця той самы «слаўны» інтэрнэт кажа, што вёска Рабец спусцела, у рэальнасці ўсё інакш. Там пражывае шэсць чалавек. Ды якіх! Нават старшыня Алексіцкага сельвыканкама Анастасія Севярынец падтрымала нашу задумку: «Абавязкова накіруйцеся ў Рабец! Я якраз адтуль, з жыхарамі сустрэчу праводзіла».

Знайсці Рабец няцяжка: па дарозе Хойнікі-Калінкавічы пасля Слабажанкі трэба павярнуць налева. Вы на месцы.

А там першы тутэйшы мяне быццам і чакаў. Вячаслаў Камісараў родам адсюль, давялося і ў мора выходзіць (закончыў Ленінградскае вучылішча), але ў 1986 годзе вярнуўся дадому. Так і застаўся.

Насупраць яго хаты жывуць надта цікавыя людзі. Першай пабачыла гаспадыню – Яніну Міхайлаўну Корбіт. Старшыня сельвыканкама раіла пабачыць, якія пухнастыя курачкі жывуць у гэтай мілай жанчыны. Ды і сама цёця Яня была не супраць сфатаграфавацца з адной сваёй птушачкай. Расказвае, што гэта дочкі, якія ў Бранску жывуць, матулі такі падарунак зрабілі – ажно 7 пар хатняй птушкі прывезлі: даглядай, мамка, каб не сумавала.

А нашай Яніне і не сумна зусім! Сапраўдная руплівая паляшучка, яна агарод трымае, як і ўсе тутэйшыя. У нашым кароткім дыялозе я даведалася, якое няпростае жыццё пражыла цёця Яня, але ж больш за 20 гадоў яна шчаслівая.

Калісьці жанчына паехала з роднай вёскі Рабец да мужа ў Слабажанку, там праз 30 гадоў стала ўдавой. А пазней пазнаёмілася са сваім Аркадзем. Мужчына родам з Тульгавіч, ніколі работы не баяўся. Сусед і сёння кажа: хаця дзядулю больш за 80 гадоў, і зараз сякера «грае» ў залатых руках.

Прычына простага сямейнага шчасця ў тую хвіліну адпачывала ў хаце. Аркадзь Мікалаевіч Акуленка – паважаны чалавек, яго добра ведаюць на Хойнікшчыне. Асабліва тыя, хто займаюцца пчалярствам і бортніцтвам. У дзядулі Аркадзя і сёння 25 вулляў у двары стаіць, а пакуль здароўе дазваляла, дык і ўсе 45 меліся. Для любімых пчолак ён штогод вырошчваў доннік і канюшыну. Цяпер жа паласатыя «карміцелькі» збіраюць нектар з рабцоўскіх ліп і сланечніка, які цягне кветкі да сонейка.

У двары гэтай надзвычай закаханай у жыццё сям’і так густа і прывабна растуць і набіраюць салодкасць ажыны і агрэст. І мяне пачаставалі – якая смаката!

А ў суседзяў Мікалая Рыгоравіча і Фаіны Рыгораўны Раманцовых папрасіла папіць вады калодзежнай. Гаспадыня Фая гасцінна прапанавала набраць вядзерка – пі, донечка! Ох, якая гэта смаката, сябры мае, тая рабцоўская вадзічка! Быццам у дзяцінстве з калонкі.

Фаіна Рыгораўна і сама такой карыстаецца – якасць той вады ніколі не пагаршалася. Дарэчы, жанчына – так бы мовіць, тубельная – амаль 30 гадоў жыве тут, хаця сама родам з далёкай Башкірыі. Калісьці прыехала ў Беларусь, працавала ў Гомелі, а потым пераехала ў Мазыр, дзе пазнаёмілася з каханым. Ён Фаіну прывёз на сваю малую радзіму, а жонцы тут і спадабалася.

Ехала ў Хойнікі я вельмі шчаслівая – як быццам у родных людзей пабыла. Ды яны такія і ёсць – нашы тутэйшыя.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



1 комментарий по теме “Тутэйшыя. У Рабец – абавязкова: тут дышыцца мёдам, ліпай і ажынамі

  1. П. Ф. Мележ пісаў, што ўтварылі не вёскі, а пасёлкі Рабец і Дуброву. Ёсць розніца паміж сёламі і вёскамі, якія існавалі здаўна, і заснаванымі на былых фальваркавых землях пасёлкамі. Традыцыйна жыхары Дубровы і Рабца сваіх нябожчыкаў хаваюць на алексіцкіх могілках.

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *