Тутэйшыя: калышацца жыта ў Ізбыні — тут цішыня і дубравы

Тутэйшыя

У нашу чарговую паездку па вёсках Хойнікшчыны выбар выпаў на Ізбынь. Мы часта гаворым пра Велікаборскае водасховішча, што знаходзіцца каля вёскі, але не мела ўяўлення, як жывуць людзі побач.

Па рэкамендацыі старшыні Велікаборскага сельвыканкама Алы Кузьменкі накіравалася адразу да старэйшай жыхаркі Ізбыні – Соф’і Мікалаеўны Іванюшкі. Усяго ж у гэтым населеным пункце пражывае сёння 5 чалавек.

У свае 92 гады Соф’я Мікалаеўна – актыўная і гаварлівая жанчына. Знаёмства наша можна з лёгкасцю назваць прыемным. Па сёння доўгажыхарка вырошчвае на сваім агародзе ўсё патрэбнае, з усмешкай кажа, што так будзе рабіць, пакуль здароўе дазваляе. Часта прыязджае да матулі сын з Гомеля на дапамогу, не забывае і пляменніца, што ў Хойніках жыве. Мне пашанцавала пагутарыць з чалавекам, які добра памятае час ваеннага ліхалецця.

У 1941 годзе Соф’і споўнілася 11 гадоў. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацьку Мікалая Яўхімавіча забралі на фронт. Прафесіянальны трактарыст, мужчына напісаў просьбу вывучыцца на курсах танкістаў. Просьбу задаволілі, і ўвосені мужчына даслаў сваёй сям’і ліст з Тамбова: «Усё ў мяне добра, мае родненькія! Беражыце сябе!».

Гэта, бадай, самы светлы ўспамін у той час. Роднага тату Соня, яе старшы брат Вікенцій і сястра Яўгенія так і не пабачылі – ён загінуў за паўгода да Вялікай Перамогі.

Фашысты прыйшлі ў Ізбынь у жніўні. Сагналі жыхароў, якіх тады было больш сотні, у мясцовы магазін. Усіх іх чакала страшнае. Але ўмяшаўся выпадак. Адзін з камандзіраў расправы быў незадаволены месцам – душагубы планавалі ліквідаваць як мага больш тутэйшых, а магазін для гэтага не падыходзіў па памерах. Пакуль шукалі новае месца, планы змяніліся. Вяскоўцаў вырашылі накіраваць на работу ў Германію. Тым больш чыгунка побач, далёка весці не спатрэбіцца.

Так Соф’я з матуляй, братам і зусім маленькай сястрычкай апынуліся ў нямецкім Лімбаху. Работу для дарослых вызначылі ў фермера, у якога ўжо працавалі прыгонныя палякі.

Тут Соф’я Мікалаеўна зрабіла невялікае адступленне:

– Гляджу, што сёння ў свеце робіцца, і здзіўляюся. Што зараз у Польшчы людзі твораць! Помнікі вызваленцам руйнуюць, на Савецкі Саюз праклёны кажуць. Ведаеш, я ж добра памятаю, як нямецкі бауэр здзекваўся над намі – каго прыгналі. Палякі не лепей нас там жылі – працавалі за кавалак хлеба. А зараз унукі тых, над кім фашысты здзекваліся, хіба што дзякуй не кажуць за гэта. Пазабывалі людзі, хто ім волю даў, а хто ў труну гнаў.

У маі 1945 года ў Лімбах зайшлі амерыканскія салдаты. Хутка далучыліся і савецкія. Вызваленых беларусаў перавезлі ў Дрэздэн, адтуль нашы землякі паехалі на малую радзіму.

Соф’я Мікалаеўна няблага памятае, як пабачылі за час адсутнасці сваю вёску. Ад роднай хаты засталося папялішча, таму сям’я патрохі збудавала сабе новую – у канцы вуліцы. А пра сямейнае гняздо і сёння нагадвае толькі вялікі дуб. На месцы ж магазіна (усё ж спалілі яго фашысты) пазней узвялі помнік у гонар памяці землякоў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Нават і не марыла сустрэць яшчэ кагосьці з тутэйшых. Але ж атрымалася. Каля сваёй хаты касіў траву пляменнік маёй паважанай суразмоўцы. Аляксей Іванюшка жыве недалёка ад сваёй цёці, не так даўно пайшоў на пенсію, даглядае сабаку Жэку. Дарэчы, каля дома Аляксея Вікенцьевіча двойчы на тыдзень спыняецца аўталаўка, з Хвойнай Паляны прыязджае фельчар – прасачыць, якая падтрымка спатрэбіцца пацыентам, якія лекі выпісаць трэба. Тутэйшыя задаволены гэтым – большага, кажуць, і не жадаюць.

У вёсцы цішыня, нават нязвыкла. Тут спакой і шуміць дубрава. Божанька, няхай мірнае жыццё тут і надалей будзе.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *