Тутэйшыя: размовай з імі душа ўсміхаецца. У Загаллі сонейка, здаецца, заўжды свеціць

Тутэйшыя

Хочаце атрымаць асалоду ад душэўных размоў і сапраўднай утульнасці – накіруйцеся ў Загалле. Так мы і зрабілі ў гэтым месяцы, тым больш нас падтрымала і старшыня Судкоўскага сельсавета Алена Ваўчок.

У разгар падпісной кампаніі на раённую газету, так прыемна было пазнаёміцца з нашымі вернымі чытачамі з гэтай вёскі.
Першай, з кім пабычыліся, стала Галіна Куган. Сімпатычная жанчына ветліва запрасіла ў свой ветлівы дом, дзе ўсё пранікнута любоўю да сваёй сям’і. Галіна Рыгораўна ўсё жыццё працавала поварам – гатавала для дзетак спачатку ў Паташэнскай школе, а пазней і ў Слабажанскай. Самым вялікім кампліментам ад рабят былі словы: «Вы гатуеце смачна, як дома». Разам з мужам жанчына выхавала дзвюх дочак – Ганну і Алену. Яны заўсёды на сувязі з любімай матуляй.

Сама Галіна Рыгораўна родам з Кажушак, але ж бацькі пераехалі ў Загалле, калі дачцэ было 7 год. З таго дня вёска стала для яе роднай.

Раней вялікая гаспадарка была ў жанчыны, але з-за здароўя давялось абмежавацца курачкамі і казой-карміцелькай Белачкай. З малака гаспадыня робіць тварог і нават сыр. Сёння з цёплай усмешкай мая суразмоўца дэманструе фота ансамбля «Кліўчанка», дзе спявала разам з сяброўкамі. І цяпер за агульным сталом з роднымі не-не дый зацягне песню.

Па суседству, у бацькоўскай хаце, жыве старэйшая сястра Галіны – Антаніна Грыгаровіч. Відаць, у гэтай сям’і не прынята ленавацца – кожная хвілінка на карысць ідзе. Напрыклад, Антаніна Рыгораўна ніколі ўдзень не глядзіць тэлебачанне – пастаянна чымсьці занятая. Дазваляе сабе хіба што ўвечары даведацца пра навіны ды паглядзець кіно.

У светлы час сутак любіць вязаць – у момант нашай сустрэчы, напрыклад, завяршала другую шкарпэтку. Неверагодна, але і цяпер у гэтай загальскай гаспадыні нямала клопату – даглядае карову Маньку, трымае свіней. Дапамагаюць дзеці – з Хойнік часта прыязджаюць Ігар і Аксана.

Наступнай па чарзе стала наша пастаянная чытачка Нэллі Грыгаровіч. Дарэчы, гэта прозвішча тутэйшае, загальскае. Таму ўсе, хто носіць яго, ці яго продкі, маюць дачыненне да гэтай вёскі. Нэллі Іванаўна родам з сям’і інтэлігенцыі – матуля Алена Іванаўна выкладала нямецкую мову, а тата Іван Уладзіміравіч працаваў на ФАПе. Ды і сама іх дачка выбрала бацькоўскі шлях – да самай пенсіі працавала лабарантам у Тульгавічах, далей у Глінішчах. Склалася так, што і Нэллі Іванаўна жыве ў доме сваіх бацькоў. Падтрымліваць яго прыязджаюць дзеці і брат з сястрой. Хаця жыццё раскідала ўсіх, але ж Грыгоровічы пра сваё гняздо памятаюць і не кідаюць.

На сувязі з сынамі і Уладзімір Мароз. Мужчына больш за 40 гадоў адрабіў на трактары ў калгасе. Калі здароўе стала падводзіць, не захацеў рызыкаваць і застаўся дома. У мужчыны чацвёра сыноў, якіх выхавалі разам з жонкай Тамарай. У маладосці гэты дужы зямляк служыў пагранічнікам аж на Курыльскіх астравах. Кажа, 16 сутак дадому дабіраўся, калі дэмабілізавалі. Але на малую радзіму так цягнула, што амаль і не заўважыў цяжкага шляху дадому. Сёння Уладзімір Іосіфавіч ганарыцца, што дзяцей выхавалі ў любові да бацькоў і роднае зямлі.

– Бо заўжды з імі побач былі, ніколі не адцураліся. У поле ішоў – сыноў разам з сабою браў, на агарод з жонкай – і хлопцы побач. Усё разам рабілі, сёння ніводны мой хлапчына міма таткавай хаты не праедзе.

На вялікі жаль, не атрымалася пазнаёміцца з самай старэйшай жыхаркай вёскі – Галінай Іванюценка. Але ж са слоў аднавяскоўцаў даведаліся, што Галіна Мікалаеўна ў сваім паважаным узросце – носьбіт гісторыі роднай вёскі, яе традыцый.
Вялікі дзякуй, шаноўныя загальцы, за шчыры прыём і шчодрасці. Няхай вам Бог дапамагае!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *