Тутэйшыя: у Каранёўцы Мележа помняць – тут засталася ціш

Тутэйшыя

Хутка аматары беларускай літаратуры і ўсе, хто шануе айчынных класікаў, адзначаць 103-годдзе з дня нараджэння выдатнага пісьменніка і нашага славутага земляка Івана Мележа.

З гэтай нагоды накіраваліся ў мясціны, якія Іван Паўлавіч вельмі любіў і заўсёды наведваў там сваіх родных па лініі маці, – вёску Каранёўка.

«Кавалачак зямлі, навокал вада, дзе квітнеюць улетку ліліі. А пах стаіць ад кветак дзівосны! Але гэта яшчэ да меліярацыі было», – такія ўспаміны дзяцінства засталіся ў памяці мясцовай жыхаркі – паважанай Лідзіі Шаўчэнкі. У свой 91 год паляшучка сама вядзе хатнюю гаспадарку, трымае курэй і нават дзвюх козачак – іх кліча Манямі. Летась яшчэ быў конь, але ж з-за здароўя гаспадыні давялося яго прадаць. Кажа, яшчэ воз застаўся – няхай, хто хоча, прыедзе ды забярэ.

Лідзія Шаўчэнка

Жанчына, нягледзячы на паважаны ўзрост, вырошчвае няблягі ўраджай. Кажа, зямля яе любіць і нават лечыць. А колькі цыбулі летась ўрадзіла!

Лідзія Міхайлаўна – адна з апошніх, хто застаўся ў Каранёўцы. Па суседству жыве яшчэ 97-гадовая Васіліна Жолуд. Калісьці яе з мужам Васілём землякі назвалі мясцовымі «Васілём ды Ганнай» з вядомага твора Івана Мележа «Людзі на балоце».

Васіліна Жолуд

Хаця, на мой погляд, лёс сапраўднай пары закаханых самы шчаслівы: разам муж і жонка Жолуды пражылі 70 гадоў у ладзе ды згодзе, нарадзілі і выхавалі пяцярых дзетак, якія сёння не даюць матулі сумаваць у адзіноце нават дня, а наадварот, прыязджаюць і радуюць доўгажыхарку.

Абавязкова запыталася ў тутэйшых з Каранёўкі: «А ці бачылі Мележа асабіста?». Аказалася, бачылі і не раз. У юнацтве дзяўчаты бегалі да хаты дзеда Трахіма, каб здалёк пабачыць знакамітага пісьменніка. Іван Паўлавіч гэта разумеў і заўсёды выходзіў на вуліцу, вітаўся з вяскоўцамі.

– А мы ж маладыя былі, цікавыя да земляка, што такую славутасць здабыў. Аўтограф не прасілі, пабачыць бы – больш і не трэба, – усміхаецца Васіліна Аляксееўна.

Суседцы падказвае Міхайлаўна: – У вёсцы яшчэ стаіць хваіна, насупраць якой родныя Мележа жылі. Хаты даўно няма, а дрэва не чапаюць.

Успомнілі гэтыя абаяльныя бабулі і дзяцінства, якое прыйшлося на вайну. Якога гора нацярпеліся! Вёску палілі фашысты, але ж тутэйшыя адбудавалі яе зноў. Пасляваенны час і сёння са слязамі ўспамінаецца – страшны голад накрываў гэтыя мясціны. Маладая Ліда з 14 гадоў пайшла на хлеб зарабляць, каб матулі дапамагчы – у Хойнікі хадзіла ў нянькі і нават давялося хатняй работніцай пабыць. Гэта потым, як замуж пайшла, у вёску вярнулася назаўсёды.

Сёння мае суразмоўцы любяць успамінаць пра шчаслівую маладосць. Як на прастольнае свята гудзела вёска – так адзначалі Пакроў, запрашалі музык і спявалі.

Зараз ціш над вуліцай, спакой, а раней з ранку да ночы тут людзі, жыццё, планы на будучыню. Двойчы на тыдзень сюды прыязджае аўталаўка, усё патрэбнае ёсць у шаноўных жанчын. Радаваліся сяброўкі гасцям з раёнкі. Дамовіліся сустрэцца яшчэ. Далібог, так і будзе!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *