Тутэйшыя: у Грачыхіна Бога славяць – там стаіць 200-гадовы вяз

Тутэйшыя

Жыхары нашага раёна паважанага ўзросту часта ўжываюць у размове былыя назвы хойніцкіх вёсак. І па сёння бабулі і дзядулі могуць назваць Віць – Гноевам, а Грачыхіна – Багуслаўцам. У лістападзе ў пошуках тутэйшых жыхароў накіраваліся менавіта туды.

Перш-наперш, ад традыцый не адмаўляемся, пазнаёміліся з упаўнаважанай гэтай вёскі – Аленай Міненка. Сама жанчына родам са Слабажанкі, сюды пераехалі з мужам і дзецьмі 12 гадоў назад. Таму Алена Валянцінаўна называе сябе тутэйшай, але не тубельнай. Яна ўсё жыццё працуе ў сельскай гаспадарцы, разам з мужам вырасцілі дваіх дзяцей.

Каб пагутарыць з моцнай паловай сям’і Міненкаў, накіравалася на ферму «Грачыхіна». Там загадчыкам працуе Андрэй Міхайлавіч. Часу на размовы ў мужчыны нямнога – надта шмат работы. Але ж ён успомніў, як змянілі месца жыхарства. Успамінае, што вельмі спадабалася вёска, а больш – тая хата, дзе і па сёння жывуць муж з жонкай. Гэта непаўторная атмасфера, нават немагчыма расказаць, чым зачапіла мясцовасць. Але іншых варыянтаў больш не разглядалі.

Дарэчы, запыталася ў мясцовых, якое ж прастольнае свята ў Грачыхіна? Ведаеце, адназначна не кажуць – вагаюцца паміж Акцябрынамі і Міколамі (і зімнім, і летнім). Таму пытанне можна аднесці да адкрытых.

Крыху гісторыі: да 1977 года вёска насіла назву Багуславец – у гонар пана Багуслава Леапольда Аскеркі, харунжага мазырскага. У 1943 годзе літаральна ў трох кіламетрах ад вёскі, у баі каля паваротаў на Тунеўшчыну і Глінішча, загінуў будучы Герой Савецкага Саюза старшына Мікіта Грачыхін. Імя героя прысвоілі населенаму пункту.

У Грачыхіна пастаянна пражываюць 16 чалавек. На жаль, не атрымалася пабачыцца з большасцю. Хаця гэта і зразумела – у разгары рабочага дня ўсе па сваіх месцах. Хіба што людзі на заслужаным адпачынку могуць дома сядзець.

Пашанцавала пазнаёміцца з ветэранамі працы сельскай гаспадаркі – Любоўю і Мікалаем Баглей. У Грачыхіна яны жывуць з 1981 года, як і Міненкі, пераехалі са Слабажанкі. Як кажа Любоў Уладзіміраўна, першай з іх сям’і паехала сюды жыць свякруха. Пазней і моладзь падцягнулася.

Дарэчы, Баглеі таксама адносяць сябе да тутэйшых.

– «Тубельная» тут, хіба што, Люба Храпачэўская. Мы ў пачатку вёскі жавём, а яна – у самым канцы.

На жаль, з Любоўю Аляксандраўнай так і не атрымалася пабачыцца. Затое, пакуль ішла да яе хаты, пабачыла цуд: прыкладна ў сярэдзіне вуліцы высіцца вялізны вяз. Шыльдачка каля яго сведчыць, что дрэва тут аж з 1829 года. Амаль 200 гадоў! Вяз абнесены агароджай ды на ствале замацавалі ікону. З часам выява стала не такой выразнай, але ж пазнаць няцяжка.

У хрысціянстве вяз сімвалізуе маці і нараджэнне жыцця. Нядзіўна, што на іконе менавіта Божая маці з Іісусам на руках.

Мясцовым тут жывецца спакойна. Ніхто з маіх суразмоўцаў не хацеў бы адсюль з’язджаць. Маўляў, у Грачыхіна так ціха і камфортна – ніякага курорту не трэба. Няхай жа так і будзе надалей!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *