Тутэйшыя. За добрым настроем – у Мархлеўск: тут салодкія кавуны і падарункі для каханай

Тутэйшыя

Нарэшце дачакалася наступнага падарожжа. На гэты раз накіраваліся ў Мархлеўск.

Першай, з кім параіла пазнаёміцца старшыня Паселіцкага сельвыканкама Людміла Рудчанка, была мясцовая жыхарка, ураджэнка вёскі Нэллі Чэкан. Яна не проста актыўны грамадзянін, але і неабыякавая да праблем сваіх землякоў, падтрымлівае дыялог з прадстаўнікамі сельскай улады і ўвогуле энергічная жанчына.

Адразу пашанцавала: Нэллі Дзмітрыеўна запрасіла ў госці і расказала ўсё, што сама ведае пра сваю малую радзіму. Тут прайшло яе дзяцінства і юнацтва. Пасля заканчэння Гомельскага тэхнікума працавала на хойніцкай аўтабазе, а потым да самага выхаду на заслужаны адпачынак – у Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Зараз, на пенсіі, паважанай жыхарцы Мархлеўска ёсць, чым заняцца. Нават не так: заняткаў столькі, што часу на той самы адпачынак адчайна не хапае. Але такі рэжым маю суразмоўцу задавальняе. Тым больш, што побач – каханы чалавек Валерый Скакун.

Разам з Валерыем Мікалаевічам Нэллі Дзмітрыеўна працягвае добраўпарадкоўваць свой дом. Гэта бацькоўская хата, якую яны разам даглядаюць, імкнуцца захаваць, як самі кажуць, «колішнія» дэталі – рарытэтны буфет, іконы, партрэты родных. Ды і на двары якое хараство – у кветках патанае сімпатычная альтанка.

– Гэта я зрабіў такі падарунак для сваёй каханай, – з гонарам дзеліцца Валерый Мікалаевіч. – А на дзень нараджэння маёй Нэллі планую паставіць арэлі.

Нямала цікавага ў домаўладанні гэтай пары: агарод 20 сотак штогод дорыць вялікі ўраджай. Вось і сёлета не падвёў. Трэці год запар спеюць на мархлеўскай зямлі кавуны, летась радавалі гаспадароў і дыні. Як быццам на спякотным поўдні жывём!

Разам з Нэллі Дзмітрыеўнай рушылі пазнаёміцца з суседкай – Ліліяна Качан таксама мясцовая, тут нарадзілася і вырасла. Потым паехала жыць у Мазыр, але вярнулася дапамагаць роднай сястры Марыі. І хаця Ліліяна Уладзіміраўна фатаграфавацца адмовілася, але падзялілася фактамі пра родную вёсачку.

У Мархлеўску раней жылі пераважна католікі, таму з даўніх часоў тут шырока святкавалі менавіта каталіцкі Вялікдзень, а яшчэ Прачыстую, што ў жніўні. Тады з розных вёсак прыязджалі да мясцовых родзічаў у госці і частаваліся за вялікім сталом.

Цяпер Мархлеўск быццам ажывае, напаўняецца людзьмі хіба што на Радуніцу – з розных куточкаў краіны прыязджаюць людзі, каб ушанаваць памяць продкаў.

Прыемна было пазнаёміцца з самай старэйшай жыхаркай – 82-гадовай Янінай Лабадой. Мы пабачыліся, калі Яніна Адамаўна рабіла закаткі. Шпарка ішла справа ў руках гаспадыні, пакуль яна расказвала пра свой няпросты лёс. Шматдзетная маці, выхавала 10 дзяцей і больш за 40 гадоў працавала ў калгасе «Рассвет». Дзеткі выраслі і паехалі, хто куды. Малодшыя сын і дачка да матулі прыязджаюць абавязкова, бо і жывуць побач. У сваім салідным узросце жанчына яшчэ трымае хатнюю птушку і вырошчвае гародніну на 25 сотках. Зараз жа займаецца кансервацыяй, каб нічога не прапала – гэта не капрызы, а сумны напамін пра страшныя галодныя гады пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі яшчэ маленькая Яня хадзіла ўвосень па палях і шукала гнілую бульбу, каб хоць чым падсілкавацца было. Таму і па сёння імкнецца гасцей пакарміць і каб на стале штосьці абавязкова стаяла.

– Пра іншае не трэба і хвалявацца, – на развітанне дае параду мілая бабуля Яня. – Няхай толькі мір на зямлі будзе, а астатняе дабудуецца. Мы ж так пасля вайны і рабілі. Галоўнае, каб адзінства наша збераглі, дзеткі вы мае.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *