Калі патрэбна 100 працэнтаў, ён выканае 150

Образование

IMG_1296У нашым аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама адным з першых у вобласці ў 1998 годзе была створана гаспадарчая група цэнтралізаванага абслугоўвання ўстаноў. Яе перавагі ў першую чаргу ў тым, што эканомяцца грашовыя сродкі. Ды і можна аператыўна вырашаць пытанні па тэрміновым выкананні рамонтных работ, падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года без прыцягнення пабочных будаўнічых і рамонтных арганізацый.

Аляксандр Уладзіміравіч Якаўлеў (на здымку) па адукацыі настаўнік фізічнай культуры. Пачынаў працоўную дзейнасць педагогам, затым узначальваў спартыўнае добраахвотнае сельскае аб’яднанне «Ураджай». Пасля пэўны час працаваў у запаведніку, а пяць гадоў назад прыйшоў у гаспадарчую групу аддзела адукацыі на пасаду інжынера-будаўніка. Спачатку, прызнаецца, думаў не справіцца. Ён чалавек, які ўсё надта блізка прымае да сэрца. Аднак, ішоў час, і Аляксандр Уладзіміравіч паступова ўцягваўся ў работу. Ды так уцягнуўся, што зараз сябе без яе не ўяўляе.
Ён вельмі адказны, пралічвае ўсё да дробезяў і калі робіць, то толькі на выдатна. Патрэбна нешта выканаць на 100 працэнтаў – ён зробіць на 150. Хаця сам Аляксандр Уладзіміравіч пераконвае ў тым, што гэта заслуга ўсёй брыгады. Дарэчы, у яе склад уваходзіць 13 чалавек: зваршчыкі, электрыкі, сантэхнікі, будаўнікі. Але ж варта ўмець правільна арганізаваць іх работу – і ў гэтай справе ён майстар. Да кожнага лёгка находзіць падыход.
Работнікі групы цэнтралі-заванага абслугоўвання працуюць ва ўсіх школах і дзіцячых садах раёна. Усяго, што было зроблена за працоўную пяцігодку Аляксандра Якаўлева нават складана пералічыць.Гэта і рамонты харчаблокаў, і афарбоўка фасадаў, і ўцяпленне дахаў, і замена вокнаў. І яшчэ шмат-шмат чаго.

Галоўнае – у Аляксандра Уладзіміравіча гаспадарскі падыход да справы. Яны закупаюць толькі якасныя будаўнічыя матэрыялы і па выгаднай цане. Перад гэтым абавязкова робяць аналіз коштавых прапаноў, бо ўмеюць лічыць кожны рубель. Дамаўляюцца з арганізацыямі аб частковых выплатах альбо авансах, каб раней пачынаць работу, а не чакаць паступлення грашовых сродкаў.
Наогул, Аляксандр Якаўлеў – не кабінетны чалавек. Ён часта знаходзіцца на аб’ектах разам з людзьмі, кантралюе якасць выконваемых работ. Не лічыцца з часам, пры неабходнасці застаецца пасля заканчэння працоўнага дня, выходзіць на работу і ў выхадныя.

Яшчэ многа станоўчага можна расказваць пра Аляксандра Уладзіміравіча, але пра ўсё яскрава сведчаць вынікі яго работы. Нездарма кемлівым інжынерам задаволена кіраўніцтва аддзела, якое, дарэчы, і параіла нам пра яго напісаць.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *