На Забалацкай без змен

Сельское хозяйство

Як ідуць справы ў тым ці іншым структурным падраздзяленні, а, галоўнае, якія адносіны кіраўніцтва прадпрыемства да калектыву, часта можна даведацца не задаўшы ніводнага пытання людзям. Дастаткова паглядзець на парадак, умовы, у якіх яны працуюць.

Яскравы прыклад Забалацкая ферма ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”. Брыгадзірам тут больш за 10 год А.А. Харошка. Вопыту, як кажуць, не займаць. Ці то не хоча Аляксандр Аляксандравіч яго прымяняць, ці апусціў рукі, перастаўшы спадзявацца на неабходную дапамогу ад вышэйстаячага свайго начальства.

 Пасярод тэрыторыі фермы велізарная куча гною. Быў час, і дарогі дазвалялі вывезці яго на палеткі, дачакаліся веснавога раскалля. А далей – кашара выгараджана, ніводнай там кармушкі. Дарэчы, да кармушак тут адносіны абыякавыя. Летась толькі глыбокай восенню была пастаўлена жывёла ў стойлы. Разбітыя кармушкі не ўсе былі адрамантаваны. Так і да гэтага часу некаторым каровам-гаротніцам даводзіцца падбіраць сілас з падлогі.

“Незабыўнае” ўражанне пакідаюць разламаныя клеткі для цялят, вакол якіх нагрувашчаны кучы саломы, перацёртага нагамі жывёлы сена. Быццам не знойдзецца ў Аграсервісе дзесятак цвікоў і мужчыны з малатком, каб прыбіць адарваныя шалёўчыны. Не выкарыстоўваецца і завезенае пілавінне, у няўбраных праходах кароўнікаў рэшткі  сіласу.

Кармоў для грамадскага статка назапашана дастаткова, а павелічэння вытворчасці малака няма. Тым больш, што і летась у параўнанні з 2007 годам дапушчана зніжэнне. Даенне кароў двухразовае, ды і то ранішняя дойка цягнецца да 11 гадзін раніцы і пазней.

Вывад напрошваецца адзін: няма ні дысцыпліны, ні належнага кантролю за работай жывёлаводаў. Нядобры ўклад у бязладдзе ўносяць тры абавязаныя, гэткія “афоні” (герой фільма савецкага часу, якога выхоўвалі ўсёй брыгадай). Аператары машыннага даення Валянціна Рэвяка і Алена Падгорнава, рабочая Іна Ходас родных дзяцей не глядзелі як след, дзяржава клапоціцца зараз аб іх. Такіх і да жывёлы падпускаць нельга, перавядуць, сапсуюць. Рэвяка добра калі дзён 15 за месяц выйдзе на працу пад прымусам, а каровам жа штодённы догляд патрэбны.


Фота Уладзіміра СЯМЕНАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *