Вясна, натхненне, пасядзелкі

Вёсачка мая

IMG_0415Яшчэ не зелянеюць кроны задумённых вольхаў і бяроз, але ўжо адчуваецца вясна. І хаця б’е ў твар бадзёры ветрык, душа ўжо вітае перамены, што нясе прырода. Гэты сакавіцкі тыдзень быў халаднаваты, аднак сярод шэрых дзён адзін выдаўся нязвыкла сонечным – серада. Скарыстаўшыся літасцю надвор’я, едзем у вандроўку. Надышла чарга завітаць у вёску Клівы.

IMG_0362Тутэйшыя жыхары ўжо ва ўсю шчыруюць на агародах. Соф’ю Сцяпанаўну Корбіт мы заўважылі на падворку – яна падграбала смецце. Нягледзячы на сталы ўзрост, бабуля – нястомная працаўніца, у агародзе якой зялінку можна ўбачыць хіба толькі з дапамогай лупы.

«З маладых гадоў прывыклі да сялянскай працы і цяпер у хаце без справы сядзець не можам», – адзначыла яна. Соф’я Сцяпанаўна расказала, што раней у вёсцы была школа, але яе ўжо знеслі, а зараз ёсць фельчарска-акушэрскі пункт, сельскі клуб, магазін, малочнатаварная ферма. Раней многія трымалі кароў на ўласных падворках. Адразу ўзгадалася, што тады не было смачнейшай стравы, чым малако з кавалкам хлеба. Набегаўшыся па вуліцы, вясковая дзетвара любіла сырадой або ахалоджанае малако і задавольвала ім смагу. Цану яму ведалі з самага дзяцінства, як, канешне, і хлебу.
Да Вялікай Айчыннай вайны ў Клівах быў арганізаваны калгас, працавалі торфаздабыўная арцель і гамарня. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі некалькі дзесяткаў жыхароў вёскі, памяць аб іх увекавечвае абеліск, усталяваны ў цэнтры населенага пункта.
IMG_0405

Пераехаўшы з вуліцы Чыр вонаармейскай на Садовую, мы трапілі на вясковыя пасядзелкі. Каля адной з хат на лавачцы сядзелі тры жанчыны, а каля іх стаяў мужчына і нешта з запалам расказваў. Аказалася, што гэта Міхаіл Адамавіч Краўчанка, які раней працаваў механізатарам. Калі я падышла да іх, ён аддаўся ўспамінам і пачаў узгадваць, як старанна працаваў на касавіцы: «За дзень выконваў па пяць норм.Дваццаць гадзін у суткі быў за рулём і толькі чатыры адпачываў.

IMG_0376

За добрасумленную працу мне ўручылі ордэн Леніна!». «Гэта раней было, усе рабоце тады аддаваліся, а цяпер у вёсцы моладзі мала засталося, адны пенсіянеры. Вось збяромся разам, пасядзім-пагутарым, ды і тое весялей», – працягнулі нашу размову жанчыны. «Калісьці і на танцы хадзілі, і святы ладзілі, асабліва Вадохрышча і Сёмуху, а зараз сумуе наша вёска, дажывае свой век».
IMG_0421

Хаця пачуцця суму тут няма, па-першае, з-за таго, што ў Клівах шмат цікава размаляваных агародж, ды і малыя архітэктурныя формы маюцца. А непадалёку ад магазіна нават устаноўлены кантэйнеры для раздзельнага збору цвёрдых адходаў.
IMG_0374

На заканчэнне размовы жыхары ўзгадалі славутага земляка – вядомага беларускага мастака Уладзіміра Цітавіча Гардзеенку. А яшчэ тут усе ганарацца яго родзічам – ветэранам вайны В.С. Гардзеенкам, які, дарэчы, таксама выдатна малюе.
Ведаеце, напэўна, нешта ёсць у Клівах такое, што натхняе маляваць, уяўляць і тварыць. Нават я звычайна ў сваіх вандроўках фатаграфую хатнія ці гаспадарчыя рэчы, а тут мне больш хацелася адлюстраваць пейзажы. Такія душэўныя і па-вясенняму яркія.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *