Аўтарская калонка: сёлета літаратурная сталіца – ў Гарадку. Чаму варта цаніць свята-эстафету?

Авторская колонка

Штогод у пачатку верасня, адразу пасля Дня ведаў, беларусы адзначаюць свята літаратурнае.

На маю думку, гэта ўнікальная прычына, дзякуючы якой рэгіёны нашай краіны па чарзе атрымліваюць неверагодна велізарную карысць. Сёлета падзея юбілейная – трыццатая па ліку.

Той, хто калісьці прапанаваў спосаб не проста прыцягнуць увагу да нашых таленавітых сучасных пісьменнікаў і раскрыць іх магчымасці на максімуме, але і зрабіць гучнай тэму зберажэння нашай культуры, яе пісьмовых традыцый, старадаўніх рамёстваў і айчыннага мастацтва ў цэлым, можа ганарыцца вынікамі.

Як ведаеце, журналісты таксама ўдзельнічаюць у святочных мерапрыемствах з нагоды Дня беларускага пісьменства. І не толькі як транслятары падзей. Ведаю гэта па асабістым вопыце – летась работнікі рэдакцыі разам са сваімі калегамі з суседніх раёнаў сур’ёзна рыхтаваліся да работы на «Газетным бульвары» ў Добрушы – тады Гомельская вобласць прымала Свята беларускага пісьменства. Кажу ад чыстага сэрца – мы душу ўклалі ў гэту падзею. Таму і запомнілі яе добра. Спадзяюся, як і госці святочных выхадных.

Ды і мы з вамі, паважаныя землякі, штодзень бачым у Хойніках, з чым сустракалі вераснёвы фестываль 2010 года. Як зайграў, зазіхацеў горад у час Дня пісьменства і пасля яго!

На гэтым тыдні эстафету прымуць ў Гарадку – самым паўночным раёне Беларусі. Прызнацца, да аб’яўлення наступнага горада чула пра тыя мясціны мала. Але ж і там ёсць, што паказаць, чым здзівіць і як запомніцца.

Між іншым, Хойнікі і Гарадок маюць некальных агульных рысаў: абодва раёны знаходзяцца на мяжы (праўда, кардынальна супрацьлеглай). Абодва райцэнтры можна з лёгкасцю назваць малой радзімай таленавітых мастакоў і пісьменнікаў, якія праз мастацтва выказвалі сваю любоў да зямлі беларускай.

Дарэчы, тыя, хто вучыліся ў беларускай школе, будуць памятаць знакаміты сатырычны твор ХІХ стагоддзя «Тарас на Парнасе». Доўгі час паэму ўспрымалі як ананімную. Але ж даследчыкі сёння схіляюцца да высновы, што яе аўтарам быў ураджэнец менавіта Гарадка Канстанцін Вераніцын.

Прайшло больш чым стагоддзе, і Гарадок зноў стане цэнтрам літаратуры. Але ў крыху іншым выкананні.

Яшчэ ўзімку стартавалі ў райцэнтры на Віцебшчыне шматлікія асветніцкія праекты, дзе ўдзельнічаюць школьнікі разных узростаў. Калі рабіць высновы па афішы будучых падзей, то няцяжка здагадацца: і сёлетняе Свята беларускага пісьменства пройдзе надзвычай ярка і запамінальна. Самі пераканайцеся.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА, адказны сакратар.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *