1000 тонн збожжа намалацілі Рыгор Сцішанок і Мікалай Кравец

Сельское хозяйство

Напружаная ўборачная кампанія ў раёне перашагнула экватар, але ніва працягвае экзаменаваць камбайнераў на вытрымку. Судкоўскі экіпаж у складзе старшага камбайнера Рыгора Аляксандравіча Сцішанка і яго памочніка Мікалая Міхайлавіча Краўца – лідэр сёлетняга жніва. Механізатары прачынаюцца з першымі пеўнямі і ўжо з шасці гадзін раніцы за рулём камбайна. Не лічачыся з часам і стомленасцю, хлебаробы старанна працуюць і пасля заходу сонца, а вяртаюцца дамоў, калі над вёскай навісае ціхамірнае покрыва ночы. Тут іх чакаюць любячыя родныя, якія ў гэтую гарачую пару ўсяляк падтрымліваюць.

Гордасцю Рыгора Аляксандравіча з’яўляюцца яго трое дзяцей – Святлана, Аляксандр і Максім. Для Мікалая Міхайлавіча адна з галоўных каштоўнасцей у жыцці – дзеці сын Яўгеній і дачка Дар’я.  Іх  жонкі, якіх  па супадзенню  завуць Людміламі, адносяцца да працы мужоў з  разуменнем, заўсёды падбадзёрваюць і трымаюць “кулачкі” за сваіх герояў.  Зусім нядаўна  разам з імі раздзялілі радасць стартавай перамогі: у мінулыя выхадныя экіпаж першым на Хойнікшчыне пераадолеў тысячны рубеж па намалоту збожжа.

Акрамя блізкіх, камбайнераў-тысячнікаў пазаўчора павіншавалі прадстаўнікі райвыканкома, КСУП “Судкова”, Судкоўскага сельсавета. На каласістым полі, на хвіліну адарваўшыся ад працы, перадавікі нівы прымалі  шчырыя віншаванні  з працоўнай перамогай і пажаданні  далейшых поспехаў. У знак удзячнасці за падараваную хайнічанам радасную вестку з поля аб важным дасягненні хлебаробы атрымалі падарункі ад райкома прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Узнялі прысутным настрой добрыя песні  ў выкананні самадзейных артыстаў гарадскога цэнтра культуры і спорту.



Наталля ЧЭКАН.              


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *