Начальнік сыраробнага цэха ПУП “Палескія сыры” Таццяна Мелюх:“Хойнікі сталі роднымі”


Нарадзілася і вырасла я ў маленькай вёсачцы Багданаўка Лунінецкага раёна, што на Брэстчыне. Пасля заканчэння 11 класаў паступіла ў Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхналагічны каледж, які паспяхова скончыла ў 2008 годзе. Калі прыйшоў час размеркавання на працу, то крыху разгубілася, бо варыянтаў было шмат. Да нас у навучальную ўстанову прыехалі кіраўнікі прадпрыемстваў, якія былі зацікаўлены ў маладых спецыялістах. Пра ПУП “Палескія сыры” я ведала толькі тое, што гэта адно з буйных і добраразвіваючыхся прадпрыемстваў не толькі Гомельшчыны, але і краіны.  А расказ былога дырэктара “Палескіх сыроў” Г.В. Бондар аб умовах працы і жыцця маладых спецыялістаў поўнасцю ўпэўніў мяне ў жаданні ехаць менавіта на Хойнікшчыну. І нават ніякія ўгаворы старэйшых сясцёр, якія жывуць і працуюць у Мінску, і якія жадалі, каб я таксама пераехала да іх, не пераканалі мяне. Горад спадабаўся.

Пачынала зменным майстрам сыраробнага цэха. Пасля года працы, дзякуючы калегам і, у першую чаргу дырэктару, набыла базавы вопыт, а з гэтым прыйшло і жаданне прафесійнага росту. Па жыцці я чалавек адказны і мэтанакіраваны, сур’ёзна адношуся да сваіх абавязкаў. І як вынік – у 2010 годзе была назначана начальнікам сыраробнага цэха. Мне падпарадкоўваецца  калектыў з 24 чалавек. Асноўны абавязак – сачыць за выпускам якаснай прадукцыі, якой у суткі вырабляем 2,6 тоны.

Пасля двух гадоў адпрацоўкі і думкі не ўзнікла пакінуць Хойнікі, якія для мяне сталі роднымі. Тут я выйшла замуж (муж таксама працуе на заводзе ў кампрэсарным цэху), знайшла сяброў, у мяне добрыя адносіны з калегамі па цэху.
Маладыя спецыялісты! Агні буйных гарадоў, якія так вабяць сваёй інфраструктурай і добрымі ўмовамі для кар’ернага росту, вельмі часта не адпавядаюць жадаемаму. Калі малады чалавек не лянівы, адказны за вынік работы і ўмее працаваць у камандзе –  тады ён зможа падняцца ўверх па прафесійнай лесвіцы самастойна. І не важна, у якім па маштабу горадзе гэта будзе. 



Запісала Алена СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *