Лепшы педагог раёна па меркаванню падпісчыкаў групы «Хойніцкія навіны»

Культура Людзі і лёсы Образование Экономика

dsc_0016
У верасні ў нашай групе ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» праходзіў конкурс, прысвечаны Дню настаўніка. Карыстальнікам інтэрнет-рэсурсу прапанавалі назваць лепшага, на іх погляд, настаўніка. З больш чым 300 каментарыяў палова галасоў была аддадзена за настаўніцу нямецкай мовы з Віцьеўскай школы – І.У. Судзенка. Былыя і цяперашнія вучні Іны Уладзіміраўны літаральна засыпалі паведамленнямі сцену групы «Хойніцкія навіны».
Пра перамогу ў конкурсе Іна Уладзіміраўна ведала нямнога. І тое дзякуючы віншаванням яе вучняў, якія і растлумачылі педагогу, у чым рэч і з якой прычыны датэрміновыя віншаванні. Радасныя школьнікі паведамілі ёй, што неўзабаве прыедуць віншаваць журналісты і напішуць пра яе ў газеце. Так і атрымалася. Мы ўручылі невялікі падарунак і з задавальненнем узялі інтэрв’ю ў сціплай жанчыны.
Выпускніца Мазырскага ўніверсітэта, настаўніца рускай і беларускай моў, Іна Уладзіміраўна планавала выкладаць менавіта гэтыя дысцыпліны. Але жыццё расставіла прыярытэты па-свойму. У родную Віцьеўскую школу спатрэбіўся педагог замежнай мовы, а наша гераіня якраз магла выкладаць нямецкую – згадзілася навучанне ў Рэчыцкім педагагічным каледжы, дзе Іна рыхтавалася па нямецкай і рускай мовах.
І вось на працягу 15 гадоў пастаўленым настаўніцкім голасам жанчына вучыць рабят правільна вымаўляць па-нямецку. У Віці развівалася не толькі яе прафесійная кар’ера, але і асабістае жыццё – тут Іна пайшла замуж за Аляксандра Судзенку. Яго імя чытачы часта сустракаюць на старонках нашай газеты – ён адзін з перадавых камбайнераў у раёне.
Любоў да рэдкай цяпер у школах нямецкай мовы прывіла  педагогу яе настаўніца – Іна Сямёнаўна Лявіцкая. Яна ўмела заразіць чалавека цікавасцю да вывучэння прадмета, зараз такую ж адметнасць мае і Іна Уладзіміраўна! Менавіта яе давер і мяккасць паланілі некалькі пакаленняў віцьеўскіх школьнікаў.
У лік вучняў уваходзіць і старэйшы сын, васьмікласнік Дзяніс. А з наступнага вучэбнага года пачне вывучаць замежную мову малодшая дачка Ксенія, якая зараз у другім класе.
Да слова, не аднойчы веданне нямецкай мовы дапамагала І.У. Судзенка. У раён часта наведваюцца шматлікія дэлегацыі з Германіі, а нядаўна адбыўся цікавы выпадак.У сувязі з выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь напярэдадні ў Віцьеўскую школу, якая з’яўлялася выбарчым участкам, прыязджаў замежны назіральнік. Сталы мужчына размаўляў па-англійску, але даведаўшыся, што побач ёсць настаўнік нямецкай, з задавальненнем пазнаёміўся з фрау Інай і пагутарыў на роднай мове, хаця і далёка ад сваёй радзімы. Важны госць пры развітанні падзячыў новай сяброўцы за прыемнае знаёмства, а настаўніца скарысталася магчымасцю пагутарыць з носьбітам мовы, якую выкладае.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *