Будуць асноўны і рэзервовы водаправоды


Напэўна ніколі столькі не рабілася ў нашым горадзе і раёне для паляпшэння водазабеспячэння, як сёлета. На вуліцах рэканструяваны цэлыя лініі водаправодаў, вада прыйшла і ў многія прыватныя домаўладанні хайнічан. Паляпшэння ж яе якасці проста нельга не заўважыць: з кранаў зараз цячэ чыстая халодная і гарачая вадзіца, не горшая, чым у вялікіх гарадах.

А ў канцы мінулага месяца пачаліся работы на яшчэ адным, бадай, самым важным участку водазабеспячэння горада. Маецца на ўвазе магістральная лінія водаправода, якая цягнецца ад станцыі другога пад’ёму вады і да перакрыжавання вуліц Лермантава і Калесніка. Менавіта на гэтым перакрыжаванні магістральны водаправод разгаліноўваецца па напрамках: у бок мікрараёна “Юбілейны”, чыгуначнай станцыі і старой часткі горада. І калі раней на гэтым участку ўзнікаў парыў лініі (трубы ж тут былі пракладзены металічныя, а з-за даўнасці часу яны начыста праржавелі, таму і не вытрымлівалі нават малейшага павышэння ціску ў сістэме), то ад крыніц водазабеспячэння даводзілася адключаць увесь горад.

Зараз з гэтым будзе рашуча пакончана. Плануецца, што на гэтым важнейшым участку будуць пракладзены дзве лініі водаправода: асноўная і рэзервовая. І пагэтаму ў выпадку аварыі на адной лініі, на час яе рамонту падачу вады на горад можна будзе пераключыць на другую. Так што самой аварыі спажыўцы вады могуць і не заўважыць.

Аднак і аварый на рэканструяванай лініі павінна намнога паменшаць. Справа ў тым, што на абодвух водаправодах ужо ўкладваюцца трубы з сучасных полімерных матэрыялаў – экалагічна чыстых,  намнога мацнейшых за металічныя.
Работы выконваюць мінскія спецыялісты сумеснага беларуска-дацкага таварыства з абмежаванай адказнасцю “Інтэрпайп”, якія маюць немалы вопыт у гэтай галіне. А яшчэ адзначым, што датчане – прызнаныя сусветныя лідэры ў галіне экалогіі і энергазберажэння. Таму іх тэхналогіі няўхільна ўкараняюцца ў вядучых краінах Еўропы. Як бачым, прыйшлі яны і ў Беларусь.
Праектны тэрмін заканчэння работ па рэканструкцыі – сярэдзіна лістапада.


Віктар МІХАЙЛАЎ.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *