Падтрымалі пераможную традыцыю

Спорт

Сапраўдным трыумфам хайнічанак завяршыўся абласны турнір па валейболу “Мяч над сеткай”, у якім прынялі ўдзел дзяўчаты 1994-1996 гадоў нараджэння. Гэтыя спаборніцтвы прайшлі ў Гомельскім палацы гульнявых відаў спорту. Наша дружына была сфарміравана на базе гімназіі і ўзначальваў яе выкладчык фізічнага выхавання гэтай навучальнай установы
Сяргей Валер’евіч Цярэшчанка.

Рэгламент гэтага турніру прадугледжваў асобнае саперніцтва паміж гарадскімі (іх было 6) і сельскімі (11) камандамі. На першай стадыі ў групавым турніры саперніцамі нашых дзяўчат сталі каманды Петрыкаўскага і Кармянскага раёнаў. Апошнія традыцыйна дамінуюць у вобласці, як у жаночым, так і ў мужчынскім валейболе, таму першая сустрэча паміж хайнічанкамі і пасланцамі з горада над Сожам стала адной з самых цікавых на гэтым турніры. У гэтым паядынку выхаванкі С. Цярэшчанкі з мінімальнай перавагай у кожнай з дзвюх партый перамаглі з лікам 2:0. Вынік гульні з камандай Петрыкава – 2:1 на нашу карысць.
У фінале сустрэліся каманды Хойніцкага, Жыткавіцкага і Буда-Кашалёўскага раёнаў. І тут найбольш грозна выглядала каманда Жыткавіч, аднак і з ёй нашы зямлячкі разабраліся “насухую” – 2:0. А ў заключнай гульні хайнічанкі перамаглі валейбалістак з Буда-Кашалёва і па праву сталі мацнейшымі сярод каманд раёнаў вобласці.

У турніры гарадскіх каманд першынствавала каманда абласнога цэнтра, складзеная на базе Савецкага раёна горада Гомеля. Лагічнай стала сустрэча ў матчы за абсалютнае першынство дзвюх каманд-чэмпіёнак. У пачатку гэтага паядынка саліравалі гамяльчанкі, аднак нашы дзяўчаты здолелі пераламіць ход гульні і ў абедзвюх партыях пажаданую лічбу 25 першымі дасягалі хайнічанкі – 2:0.  
Такім чынам, наша каманда стала абсалютнай пераможцай турніру. Каштоўнасць гэтай перамогі яшчэ і ў тым, што хайнічанкі перамагаюць на абласных спаборніцтвах другі год запар. Аднак, па-першае, летась гэта была перамога на турніры па праграме Алімпійскіх дзён моладзі (а гэта зусім іншыя спаборніцтвы), а па-другое, склад нашай каманды амаль напалову змяніўся. Але, як бачым, і гэты адноўлены састаў падтрымаў пераможныя традыцыі, за што і атрымаў сімпатычны камандны кубак. А медалі, граматы, кнігі “Выдатныя мясціны Гомельшчыны” і “Маладыя літаратары Гомельшчыны”, а таксама прызы ад упраўлення па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама атрымалі (на здымку злева направа, у цэнтры – трэнер Сяргей Цярэшчанка) Маргарыта Навакоўская, Аксана Сачанка, Ганна Цэйка, Крысціна Дрожжа, Кацярына Шылун, Анастасія Лабачова, Ірына Кандрашэўская. А яшчэ вялікі ўклад у камандную перамогу ўнесла Вікторыя Мароз.



Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *