“Эмілорд”, “Сметанковы” – а цяпер і “Манастырэцкі”

Гандаль і абслугоўванне

Працягваецца тэхнічнае пераўзбраенне ПУП “Палескія сыры”, якое стала адным з мерапрыемстваў Дзяржпраграмы па развіццю прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці. Так, у сыраробным цэху ў хуткім часе павінна з’явіцца новая тэхналагічная лінія, дзякуючы якой да сыроў расійскай групы дабавяцца і сыры групы галандскай. Яны будуць выпускацца ў выглядзе брускоў, а вытворчая магутнасць цэха складзе 5 тон сыроў за суткі. Мадэрнізацыю сыраробнага цэха плануецца завяршыць да мая 2011 года.

Дарэчы, што датычыць вытворчасці сыроў, то на прадпрыемстве нядаўна асвоілі выпуск яшчэ аднаго яго новага віду пад назвай “Манастырэцкі”. Ен вырабляецца на аснове дацкіх заквасак і ў продаж паступаюць два яго віды – 40 і 46-працэнтнай тлустасці.

Акрамя таго, на “Палескіх сырах” запланаваны запуск яшчэ аднаго цэха – па выпуску сухой сывараткі. Гэтая прадукцыя будзе рэалізоўвацца сельгаспрадпрыемствам на корм жывёле, а таксама прадпрыемствам харчовай прамысловасці. Яе выкарыстанне дазволіць кулінарам і кандытарам палепшыць смак, колер і пах прадуктаў, а таксама паспрыяе павелічэнню тэрмінаў іх захоўвання. Плануецца перапрацоўка 500 тон малочнай сывараткі за суткі. Акрамя эканамічнага эфекту прадпрыемства атрымае і эфект экалагічны: новы цэх дапаможа зрабіць перапрацоўку малака безадходнай.

Першая партыя абсталявання для новага цэха павінна паступіць на прадпрыемства ўжо ў наступным месяцы. Тэндэр на яго пастаўку выйграла славацкая фірма “Вздухоторг”.
Завяршэнне мерапрыемстваў па мадэрнізацыі вытворчасці запланавана на канец наступнага года.



Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *