Хойніцкія рабяты актыўна рыхтуюцца да «Залатой шайбы»

Спорт Тэрыторыя моладзі Увлечения хойничан

IMG_3957

Першы турнір «Залатая шайба» адбыўся ў сезоне 1964-1965 гадоў. Удзел у ім тады прынялі 57 каманд. Заснавальнікам турніру і старшынёй клуба «Залатая шайба» быў «бацька рускага хакея» заслужаны майстар спорту і заслужаны трэнер СССР Анатолій Тарасаў.
З моманту свайго старту спаборніцтвы заваявалі велізарную любоў мільёнаў рабят з усяго Савецкага Саюза. У гульнях турніру ў свой час прымалі ўдзел многія вядомыя хакеісты, сярод іх Уладзіслаў Траццяк, Аляксандр Мальцаў, Уладзімір Мышкін, Уладзімір Крутаў, Вячаслаў Фяцісаў, Валерый Харламаў і многія іншыя.
З распадам СССР спыніў існаванне Усесаюзны дзіцячы спартыўны клуб «Залатая шайба», наступіў перыяд спаду ў развіцці дзіцячага аматарскага савецкага хакея.
На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь турнір быў адроджаны дзякуючы ініцыятыве кіраўніка дзяржавы. З 1997 года турнір праводзіцца на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. І сёння гэтыя спаборніцтвы з’яўляюцца абавязковым атрыбутам спартыўнага жыцця Беларусі.
Шмат у чым менавіта дзякуючы гэтаму турніру ва ўсіх раёнах рэспублікі дзіцячы хакей атрымаў сваё масавае развіццё. У хакейных баталіях па ўсёй рэспубліцы штогод прымаюць удзел тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак.
Прадэманстраваўшы сілу, волю і характар падчас раённых, гарадскіх, абласных этапаў, у фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў выходзяць каманды, якія праявілі найбольшую рашучасць, вытрымку і волю да перамогі.
Спаборніцтвы праводзяцца ў тры этапы, у малодшай і старэйшай узроставых групах. Галоўная ўмова, якая ў абавязковым парадку павінна выконвацца, – удзел выключна дваровых каманд!

IMG_3990
Да спаборніцтваў не дапускаюцца каманды і навучэнцы спецыяльных класаў па хакеі з шайбай, аддзяленняў ДЮСШ, СДЮШАР, ШВСМ, груп падрыхтоўкі пры камандах майстроў па хакеі. А вось шлях з «Залатой шайбы» ў «прафесіяналы» магчымы. Не раз па выніках турніраў юнакі былі залічаны ў спецыялізаваныя спартыўныя навучальныя ўстановы.
Шмат гадоў запар хойніцкая хакейная каманда станавілася пераможцай на абласным этапе. А двойчы, у 2012 і 2013 гадах, была бронзавым прызёрам у рэспубліцы!
Да чарговага абласнога турніру, які пройдзе сёлета ў лютым, нашы рабяты актыўна рыхтуюцца. Добра, што надвор’е спрыяе. Сёлета яны аблюбавалі абмялеўшае міні-азярцо, што па вуліцы Сялянскай г. Хойнікі, хаця ў раёне працуюць спецыяльныя каробкі-каткі. Але, па словах рабят, гэта месца ім больш да спадобы.

1
У асноўным саставе каманды – 16 ігракоў – вучні першай і трэцяй гарадскіх сярэдніх школ. Гэта Мікіта Яраш, Станіслаў Ярац, Мікіта Бандарэнка, Кірыл Каваленка, Андрэй Шваб, Дзяніс Здановіч, Данііл Стрыкун, Ягор Валяваты, Кірыл Казмярчук, Іван Дзенісюк, Вячаслаў Сацура, Анатолій Тамашэўскі, Уладзіслаў Харошка, Анатолій Жэмбараў, Арцём Півавар і Назар Іванюценка. Рыхтуюць каманду інструктары-метадысты фізкультурна-спартыўнага клуба П.В. Турскі і М.В. Канцавы. Акрамя таго, аказвае дапамогу ў падрыхтоўцы былы ўдзельнік абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў «Залатая шайба» Максім Прыходзька.
Хакей – гэта вельмі напружаная гульня. Тут ёсць і зламаныя клюшкі, і падзенні на хуткасці, і сілавыя прыёмы. Але пры гэтым ён дорыць ні з чым не параўнальныя эмоцыі. Таму рабяты па некалькі гадзін «прападаюць» на лёдзе, выкладваюцца там цалкам і дамоў вяртаюцца, стомленыя, як выціснутыя лімоны. А ўсё дзеля яе. Шайбы. Залатой.
Хочацца пажадаць, каб іх старанні апраўдаліся, яны гучна заявілі аб сабе.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *