Добры пачатак


У Велікаборскім сельскім Савеце пражывае звыш паўтары тысячы чалавек, з іх у вёсцы Вялікі Бор 947 чалавек. Улічваючы аддаленасць сельсавета ад Хойнік, было вырашана стварыць свой сельскі ўчастак Хойніцкага камунгаса. Аб тым, як рэалізоўвалася гэта ініцыятыва, размова карэспандэнта “ХН” са старшынёй Велікаборскага сельвыканкама Ю.М. ШТЫХНОВЫМ.

– Юрый Міхайлавіч, як увогуле ўзнікла гэта ідэя?
– Велікаборскі сельскі Савет размешчаны на плошчы звыш 17 гектараў, у яго склад уваходзіць 7 населеных пунктаў. У гэтым годзе жыллёвы фонд і камунальныя сеткі былі перададзены на баланс  КЖУП “Хойніцкі камунальнік”. Улічваючы, што да горада 25 кіламетраў, даволі праблематычна камунальнай службе ахапіць усе пытанні і кожны дзень да нас прыязджаць. У сувязі з тым, што праблема збору і вывазу бытавых адходаў, абкошвання прысядзібных участкаў і дарог, расчысткі іх ад снегу ў зімовы час з’яўляецца вельмі вострай, то свой камунальны ўчастак проста неабходны.
Абмеркаваўшы гэтае пытанне з дырэктарам камунальнага прадпрыемства А.М. Клюкаўкіным, падлічыўшы, што справа неабходная, арганізавалі Велікаборскі сельскі ўчастак КЖУП “Хойніцкі камунальнік”. Зараз на ім толькі на добраўпарадкаванні тэрыторыі занята тры чалавекі, якія напрамую падпарадкоўваюцца старшыні сельсавета. Акрамя гэтага ёсць яшчэ качагары, сантэхнікі.
Спачатку людзям даводзілася працаваць сваімі ўласнымі інструментамі (рыдлёўкі, граблі, пілы і г.д.). В.М. Дземідзенка на сваім кані займаўся адвозкай смецця, дастаўкай піламатэрыялаў. Аднак ручной працай усё не ахапіць, былі вельмі неабходны сродкі малой механізацыі. Уласных іх не было, таму за дапамогай звярнуліся да каардынатараў сумеснага праекта Еўрапейскага Саюза і Праграмы развіцця ААН у Хойніках.

– Якія ініцыятывы яшчэ разглядаліся?  
– Было прапанавана яшчэ некалькі праектаў: замена водаправода, бурэнне свідравіны, замена асвятлення. Аднак на сходзе мясцовых жыхароў вырашылі, што набыццё міні-трактара “Беларус 320 ПО4/МП-320” у межах праектнай ініцыятывы “Мой дом – чысты дом” нашаму сельсавету больш неабходна.  Міні-трактар аснашчаны каўшом, шчоткай, выконвае пагрузачна-разгрузачныя работы, работы па планіроўцы пляцовак, засыпцы траншэй, па ачыстцы дарог і тратуараў ад смецця, снегу, перавозіць сыпучыя грузы. На ім можна пад’ехаць у любы агарод, можна збіраць смецце, у тым ліку раслінныя рэшткі, якія зараз жыхары проста спальваюць. Таксама набыты прычэп-раскідвальнік пяску і калійных угнаенняў, кустарэз прафесійны, касілка Л-502, бензапіла, бульбасаджалка, паўпрычэп, плуг двухкорпусны.
КСУП “Велікаборскі” для захоўвання тэхнікі бязвыплатна выдзеліў чатыры гаражы. Аднак дзяржаўная маёмасць чамусьці аказалася занята прыватнымі асобамі. Пасля адпаведных размоў тры гаражы выслабанілі, а барацьба за чацвёрты яшчэ працягваецца. Магчыма, давядзецца звярнуцца ў суд.

– Тэхніка з’явілася, аднак яна павінна працаваць. Што зроблена за час рэалізацыі праектнай ініцыятывы?
– Тэрмін рэалізацыі праектнай ініцыятывы шэсць месяцаў (з мая па лістапад 2010 года). За гэты час, акрамя інфармавання насельніцтва сельсавета і прыцягнення ўвагі падрастаючага пакалення да  неабходнасці беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя, родных вёсак, займаліся і вырашэннем надзённых праблем.
Праводзіліся суботнікі і санітарныя дні, арганізавана акцыя “Мой дом – чысты дом”, удзел у якой прынялі 200 чалавек. Убрана тэрыторыя сямі вёсак і пустэч, спілаваны аварыйныя дрэвы. Абсталявана дзіцячая пляцоўка ў вёсцы Вялікі Бор, выраблены і ў хуткім часе будуць устаноўлены альтанкі, лавачкі, арэлі, пясочніцы, малыя архітэктурныя формы ва ўсіх населеных пунктах сельсавета і інш.
Дапамагалі і асабіста жыхарам сельсавета па добраўпарадкаванню тэрыторыі, устанаўлівалі і фарбавалі агароджу. Бясплатна праводзілі інвалідам, адзінокім ветэранам вайны і працы механізаваную апрацоўку прысядзібных участкаў, дапамагалі з нарыхтоўкай лішкаў сельскагаспадарчай прадукцыі, вырашчанай на прысядзібных участках, і рэалізацыяй гэтых лішкаў на раённых восеньскіх кірмашах. Дапамагаць ім будзем і ў далейшым.
Акрамя гэтага, у аграгарадку Вялікі Бор быў закладзены бярозавы гай, пасаджана 500 дрэў. У будучым  плануем разбіць тут зону адпачынку.

– Ці вырашаны іншыя пытанні, якія ўздымаліся пры выбары праекта?
– Так, ёсць зрухі і ў гэтым напрамку. Зараз сіламі КЖУП “Хойніцкі камунальнік” праводзіцца рэканструкцыя старога водаправода. У кастрычніку была прабурана новая свідравіна, старая была непрадуктыўнай. Цяпер насельніцтва забяспечана больш чыстай вадой. Раён электрычных сетак, у якасці спонсарскай дапамогі, праводзіць рамонт вулічнага  асвятлення, часткова замянілі лініі электраперадачы па вуліцы Цэнтральнай в. Вялікі Бор. У бліжэйшых планах – устанавіць вагон-сауну, правесці рэканструкцыю каналізацыйнай сістэмы.

Перад вёскай Вялікі Бор ёсць вадаём, каля якога плануем арганізаваць зону адпачынку. Работы па добраўпарадкаванню населеных пунктаў і іх асвятленню будуць працягвацца і надалей.


Гутарыла Вольга БЕЛАШ.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *